Дзеці-інваліды, якім не далі білеты на Еўрабачанне, усё ж трапяць на канцэр

Дзеці з цэрэбральным паралічам усё ж такі трапяць на дзіцячае "Еўрабачанне". Адзін з арганізатараў конкурсу Белтэлерадыёкампанія выдзеліла дадатковыя білеты. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе кампаніі:
"Пытанне, якое ўзнікла не па віне Белтэлерадыёкампаніі, ужо вырашанае намі ў прыватным парадку".
Нагадаем, што сітуацыя ўзнікла два дні таму, калі дзяцей з праблемамі развіцця спачатку запрасілі на канцэрт і прапанавалі ім сядзець у інвалідных вазках. Потым двум дзецям, якія ходзяць самі, адмовілі. Іх маці напісала зварот на сайце Мінгарвыканкама.
"У нас дзіця-інвалід па ДЦП. Дык вось МІНАДУКАЦЫІ такім дзеткам міласціва прапанавала папрысутнічаць на "Еўрабачанні". Спачатку на генрэпетыцыі а 20.00. Калі мы дамовіліся з бабуляй, якая зможа з ім пабыць там (а ўявіце пра цяжкасці таго, ЯК туды такому дзіцяці трапіць!), нам патэлефанавалі і ўсё "перайгралі"! Цяпер трэба быць на самім "Еўрабачанні" і з 18.00 і да ўпору — далёка за поўнач! Але не гэта самае непрыемнае — а тое, што зараз ЯНЫ ВЫРАШЫЛІ, што дзеці павінны быць не проста інваліды, а АБАВЯЗКОВА СЯДЗЕЦЬ Ў ІНВАЛІДНЫХ ВАЗКАХ! Гэта значыць тыя, каму "пашчасціла" ў жыцці спрабаваць перасоўвацца самастойна, з мыліцамі, хадунамі і інш — не могуць ехаць на свята! Бачыце, ЯНЫ ВЫРАШЫЛІ выставіць такіх дзяцей у калясках паміж шэрагамі — як-ніяк ТБ будзе здымаць! А ў нас — уяўляеце — няма інваліднай каляскі! Мы, ведаеце, перасоўваемся самі, хай і з цяжкасцю. Для нас "ЕЎРАБАЧАННЕ" НЕ ПРЫЗНАЧАНА! Цяпер! А ДЗІЦЯ ЗАРАЗ СЯДЗІЦЬ І ПЛАЧА! ШМАТ У ЯГО РАДАСЦІ Ў ЖЫЦЦІ? ДЗЯКУЙ РАЗУМНЫМ ЧЫНОЎНІКАМ ЗА ЧАРГОВУЮ ПАКАЗУХУ! АД УСЯГО МАТЧЫНАГА СЭРЦА — ДЗЯКУЙ!!!"
Зрабіць дзецям-інвалідам падарунак і прывесці іх на "Еўрабачанне" было ініцыятывай ЮНІСЕФ і Міністэрства адукацыі. Афіцыйны прадстаўнік дзіцячага фонду Юрый Аксамітны распавёў Еўрарадыё, што ўсяго для хворых дзетак было выдзелена 500 білетаў. Іх размеркаваннем займалася Міністэрства адукацыі.
"Мы атрымалі 500 білетаў на генеральную рэпетыцыю ад арганізатараў для дзяцей з праблемамі развіцця. Гэтыя білеты перадалі у Міністэрства адукацыі. Тая ж сітуацыя з білетамі на фінал. А што датычыцца дзяцей з цэрэбральным паралічам, якія не вазочнікі, — ніякіх указанняў, што такія дзеці не павінны атрымаць доступ, не было".
Еўрарадыё звярнулася ва Упраўленне сацыяльнай і выхаваўчай працы Мінадукацыі, якое размяркоўвала білеты. Кансультант упраўлення Ларыса Емяльянчык без дазволу кіраўніцтва каментаваць сітуацыю не захацела.
"Я ні пра што не ведаю. І я буду каментаваць тады, калі мне дадуць даручэнне. І я не ведаю, што я павінна каментаваць".
У прэс-службе міністэрства паведамілі, што ўжо разбіраюцца з сітуацыяй.
Віктар Іўчанкаў: "Разбіраемся з гэтым. Ёсць канкрэтныя звароты, мы з імі разбіраемся".
ЕРБ: А як такая сітуацыя ўзнікла?
Віктар Іўчанкаў: "Я паўтараю вам: мы ведаем пра такую сітуацыю і з ёй разбіраемся. Ужо бацькі задаволеныя".
Дзіцячы фонд ЮНІСЕФ узяў на сябе аплату праезду іншагародніх дзяцей і іх харчаванне, а міністэрства павінна забяспечыць іх дастаўку да "Мінск-Арэны". Для гэтага будуць выдзеленыя спецыяльныя аўтобусы, паведаміў Еўрарадыё Юрый Аксамітны.
Паводле яго словаў, у самой "Арэне" будзе ўсё зроблена для таго, каб дзеці маглі праехаць на вазках ад самога аўтобуса. Таксама ім дапамогуць валанцёры ЮНІСЕФ.
"Ідэя ў тым, што дзеці павінны мець роўныя правы", — кажа Юрый Аксамітны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі