Дзе захоўваюцца бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў, ніхто, насамрэч, не ведае

Дзе захоўваюцца бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў, ніхто, насамрэч, не ведае

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ўжо амаль два тыдні, як скончылася, але пытанні па ёй застаюцца. І галоўнае з іх: ці адпавядае колькасць аддадзеных выбаршчыкамі галасоў канчатковым лічбам, якія нам агучыў ЦВК?

Пытанне можна было б зняць, калі б была магчымасць узяць пратаколы участковых камісій і па новай пералічыць колькасць укінутых у скрыні для галасавання бюлетэняў за кожнага з кандыдатаў. Супалі лічбы па ўчастках, сума іх адпавядае лічбам ЦВК ― і пытанняў няма! Але для гэтага спачатку трэба даведацца, дзе цяпер нашы бюлетэні і пратаколы ўчастковых камісій.

“Участковая камісія складае тры пратаколы, ― тлумачыць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, ― адзін пратакол здаецца ў орган, які стварыў камісію ― райвыканкам ці мясцовую адміністрацыю. Што яна будзе з ім рабіць, нас не тычыцца. Другі пратакол здаецца ў раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію. Пратаколы ўчастковых камісій разам з раённым пратаколам здаюцца ў архіў і захоўваюцца 5 гадоў. Трэці пратакол разам з дакументамі ўчастковай камісіі і бюлетэнямі (!) здаецца ў раённы архіў. Але калі бюлетэні праз 6 месяцаў знішчаюцца, то пратакол гэты захоўваецца ў раённым архіве 5 гадоў”.

Калі пытанні па выбарах “здымаць”, то часу няшмат: праверыць праўдзівасць лічбаў у пратаколе ўчастковых камісій можна толькі пры наяўнасці бюлетэняў. Ці ёсць працэдура, згодна з якой журналісты, палітыкі ці шараговыя грамадзяне могуць гэта зрабіць, цікаўлюся ў сакратара ЦВК.

“Не скажу, бо не ведаю ― я не магу каментаваць тое, чаго не ведаю. Ні разу не даводзілася звяртацца. Але калі дакументы ўжо здадзеныя ў архіў, то орган, якому той архіў падпарадкоўваецца, у адпаведнасці з заканадаўствам і захоўвае гэтыя дакументы і пры неабходнасці ажыццяўляе доступ да іх”, ― кажа Мікалай Лазавік.

Калі Цэнтрвыбаркам не мае справы не тое, што з нашымі бюлетэнямі, але нават і пратаколаў выбарчых камісій ніколі ў вочы не бачыў, то і гаварыць далей трэба не з яго супрацоўнікамі, а спускацца “на зямлю”. Ці можна ўбачыць бюлетэні, да прыкладу, маладзечанцаў?

У Маладзечне ажно два архівы: Дзяржаўная ўстанова “Маладзечанскі раённы архіў” і занальны архіў Нацыянальнай акадэміі навук. Тэлефаную ў першы.

“У нас толькі асабовы склад, мы пенсіямі займаемся, дакументы ліквідаваных арганізацый. А такое нам не здаецца”, ― здзіўляецца пытанню пра бюлетэні і пратаколы ўчастковых камісіі загадчыца архіва Таццяна Цыкунова. І перанакіроўвае да калегі ў занальны архіў НАН.

“Мы ўвогуле бюлетэні не прымалі на захоўванне ніколі, ― не менш за калегу здзіўляецца загадчыца і другога архіва Наталля Іванова. ― Можа, у іх, у камісій ёсць свае якія архівы? Няма? У любым выпадку, нам паступаюць толькі тыя дакументы, якія захоўваюцца пастаянна”.

А бюлетэні і пратаколы, хай і праз розны час, але ў выніку знішчаюцца. Магчыма, у Маладзечанскім райвыканкаме ёсць свой невялічкі “ўнутраны” архіў, дзе гэтыя дакументы і чакаюць свайго знішчэння? Тэлефаную ў прыёмную, прашу: “Дайце нумар вашага, райвыканкамаўскага архіва”. Даюць. Але гэта нумар усё таго ж “Маладзечанскага раённага архіва”!

Зноў вяртаюся ў райвыканкам і звяртаюся з пытаннем пра месцазнаходжанне бюлетэняў з апошніх выбараў да начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Рамановіча. Але і яго сваім пытаннем прывожу ў здзіўленне:

"А чаго вы мне тэлефануеце? Патэлефануйце старшыні выбарчай камісіі ― я ж не сябра камісіі! У раённую тэрытарыяльную камісію па выбарах. Праўда, і камісіі той ужо няма, але ж чалавек той жывы застаўся!"

Еўрарадыё: Ну, не дома ж той старшыня іх у любым выпадку трымае ― мусіў ён некуды тыя бюлетэні здаць?

Аляксандр Рамановіч: Я не ведаю, але мяркую, што яны некуды здаюцца… Яны падлічваюцца і здаюцца некуды… Але, шчыра, я не ведаю ― у нашым аддзеле мы без паняцця. Тут усе пытанні вырашае наша раённая камісія. Толькі старшыня камісіі цяпер у адпачынку, як мне кажуць.

Чароўнае замкнёнае кола: Цэнтрвыбаркам ківае на райвыканкамы і мясцовыя архівы, тыя робяць вялікія вочы і перанакіроўваюць у выбарчыя камісіі, якіх ужо няма. Узнікае яшчэ адно пытанне: а яны яшчэ ўвогуле ёсць, тыя бюлетэні?

Фота: http://sputnik.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі