"Досыць заклапочанасці": беларусы паставілі намёты на мяжы і патрабуюць санкцый

Усталяванне намётавага лагера на польска-беларускай мяжы / Belsat
Усталяванне намётавага лагера на польска-беларускай мяжы / Belsat

Намётавы лагер трэці дзень стаіць на літоўска-беларускай мяжы ля пункта пропуску "Мядзінінкай". Аналагічны на пару дзён раней з'явіўся на польска-беларускай мяжы ля "Баброўнікаў". З літоўскага боку пакуль яшчэ спяваюць "Муры рухнуць". З польскага ўжо рыхтуюцца перакрываць дарогі.

Беларусы ў выгнанні пасяліліся ля мяжы не таму, што іх нясцерпна цягне дадому. Гэтай акцыяй яны спрабуюць дамагчыся, каб кіраўніцтва ЕС выйшла са стану крайняй заклапочанасці і перайшло да санкцый. На літоўска-беларускай мяжы актывісты патрабуюць таксама зняцця абмежаванняў на выезд з Беларусі, уведзеных на наземных пунктах пропуску.

“Хватит озабоченности”: белорусы поставили палатки на границе и требуют санкций
Намётавы лагер на польска-беларускай мяжы

Мы распыталі ўдзельнікаў пікетаў, якая сувязь паміж намётамі, дарогамі і санкцыямі і як доўга беларусы Польшчы і Літвы гатовыя жыць на межах.

Літоўска-беларуская мяжа: па той бок чуваць, як мы спяваем "Муры"

— Дзень толькі пачаўся, вельмі добрае надвор'е. Ноч у лагеры правяло каля 15 чалавек, і гэта шмат. Цяпер людзі паволі пачынаюць пад'язджаць, — кажа адзін з арганізатараў акцыі на літоўска-беларускай мяжы Віталь Алейнік і перасылае нам ранішняе відэапрывітанне ад Сяргея Космаса.

Ранішняе відэапрывітанне з літоўска-беларускай мяжы

Гудуць машыны, што праязджаюць міма. У небе, прывязаны да шарыкаў, лунае бел-чырвона-белы сцяг. Людзі стаяць уздоўж дарог і паказваюць кіроўцам знак перамогі.

Каб падтрымліваць жыццядзейнасць лагера, спачувальнікі дапамагаюць фінансамі ці проста падвозяць свежую выпечку. А адной з першых, хто патэлефанаваў у лагер і выказаў салідарнасць, была Святлана Ціханоўская.

У верасні 2020 года Віталь Алейнік быў арыштаваны на 15 сутак, прайшоў праз Жодзінскі ІЧУ. Пасля — напісаў заяву ў следчыя органы, паскардзіўся на збіццё ў ізалятары. Калі ён ужо быў у Літве, атрымаў адказ: вінаватых няма. Тады беларус ініцыяваў расследаванне свайго кейса ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.

У Літве Віталь і іншыя беларусы адчуваюць сябе ў бяспецы. Але не гатовыя мірыцца з тым, што не могуць вярнуцца на радзіму. Як бы спакойна ні было ў Вільні, кожны з тых, хто сёння знаходзіцца ў намётавым лагеры, хоча дадому.

— Мы дакладна ведаем, што па той бок мяжы нас чуюць, — кажа Віталь, калі расказвае пра вячэрні канцэрт на мяжы. Дальнабойнікі, якія заязджаюць у Літву, пацвярджаюць: мінулую ноч яны правялі пад песні і вершы актывістаў.

Так актывісты лагера праводзяць вечары на мяжы

— Мы амаль прыехалі ў Беларусь. Да яе ўсяго два кіламетры. Людзі гатовыя размаўляць з пасланнікам рэжыму на нейтральнай зоне. Я ўпэўнены, што гэта магчыма арганізаваць пры пасярэдніцтве АБСЕ, — дадае Віталь.
 

Дык што — "кожны дзень"?

Улетку ў Беларусі кожная пратэставая акцыя заканчвалася абяцаннем: "Кожны дзень!". Ці гатовая літоўская дыяспара застацца ў намётавым мястэчку да тых часоў, пакуль не будуць выкананыя іх патрабаванні?

— Штодзённыя акцыі ўжо ёсць. Кожны дзень ля амбасады [Беларусі ў Літве] гарыць вечны агонь: беларусы прыходзяць туды і запальваюць свечкі ў падтрымку ахвяр рэжыму.

“Хватит озабоченности”: белорусы поставили палатки на границе и требуют санкций
Віталь Алейнік ля амбасады Беларусі ў Літве

І вы здзівіцеся, як лёгка ўзгадніць акцыю ў Літве.

— Узгадненне праходзіць у паведамляльным парадку. Мы ўжо сутыкнуліся з нейкай неймавернай добразычлівасцю з боку памежнікаў. Начальнік пагранзаставы падтрымлівае беларусаў, прыязджае асабіста. Пытаецца, ці турбуе нас хто-небудзь.

А беларусаў на мяжы праўда ніхто не турбуе. Мясцовае насельніцтва падтрымлівае, дальнабойнікі паказваюць "віктары" ў адказ.

— Для нас гэта азначае, што яны шчыра перажываюць за тое, што адбываецца ў нас у краіне.

“Хватит озабоченности”: белорусы поставили палатки на границе и требуют санкций
Вольга, нявеста Дзмітрыя Фурманава, асуджанага на 2 гады пазбаўлення волі

Але што будзе, калі актывісты вырашаць не проста павітаць фуры, а перакрыць для іх дарогу?

Калі мы стэлефаноўваліся з актывістамі, якія знаходзяцца на літоўскай мяжы, яны яшчэ не ведалі, ці будуць блакаваць дарогі для велікагрузаў. Пакуль мы працавалі над тэкстам, жыхары намётавага гарадка запусцілі анлайн-галасаванне.

— Ці не баіцеся вы адказнасці за рэальнае перакрыццё дарогі? Як да гэтага паставяцца літоўскія ўлады?

— Мы гатовыя на нестандартныя рашэнні. Калі ўзнікне неабходнасць, гатовыя дапамагаць адно аднаму з аплатай штрафаў, каб мінімізаваць наступствы. Людзі настроены па-баявому. Ніякага варыянта развіцця сцэнара я б не выключаў. Будзем глядзець на тое, як развіваецца сітуацыя ў Польшчы.

 

Польска-беларуская мяжа: "Мы былі ў шоку"

У шоку беларусы ў Польшчы былі ад таго, што мясцовыя ўлады ўзгаднілі акцыю літаральна за тыдзень. Перакрыццё дарог намечанае на 8 чэрвеня. Мясцовая паліцыя будзе ахоўваць актывістаў.

— Вось такі разгул дэмакратыі. У Польшчы можна ўзгадніць нават блакаванне дарогі. Для нас гэта было дзіўна, — расказаў прэс-сакратар НАУ Максім Паршута. — Ніякіх праблем з мясцовай уладай быць не павінна. Нас падтрымліваюць польскія палітыкі. Заўтра к пачатку блакавання дарог некаторыя палітыкі таксама плануюць прыехаць.

“Хватит озабоченности”: белорусы поставили палатки на границе и требуют санкций
Людзі рыхтуюць перадачы ў намётавы лагер, а літоўскія памежнікі прывезлі каністры з вадой

Акцыя будзе праходзіць да 12 чэрвеня. Дакладнага плана, як доўга працягнецца блакаванне дарог, пакуль няма. Мясцовыя ўлады якраз заканчваюць працэс узгаднення часу перакрыцця.

Што рабіць, калі аднаго дня не хопіць для таго, каб паўплываць на кіраўніцтва ЕС?

— Мы думаем, што рэакцыя ўсё-такі будзе. Пра нашу акцыю дакладна гавораць палітыкі Польшчы, яе абмяркоўваюць іншыя еўрапейскія палітыкі. Калі будзе неабходнасць, думаю, мы працягнем і пасля 12 чэрвеня — калі патрабаванні аб санкцыях не будуць выкананыя.

 

Чаму беларускія дыяспары так просяць санкцый?

Санкцыі, калі яны будуць уведзеныя, удараць па беларусах, якія застаюцца ўнутры краіны. Наколькі этычна ў такім выпадку, што на іх увядзенні цяпер актыўней за ўсіх настойваюць менавіта беларусы, якія з'ехалі?

— Тут усе хочуць дадому. Я ведаю беларусаў у Польшчы, якія з'ехалі шмат гадоў таму. Але гатовыя вярнуцца, каб дапамагаць сваёй радзіме адбудоўвацца і ператварацца ў свабодную дэмакратычную краіну, — кажа Паршута. — У мяне дрыжыць голас, калі я пра гэта гавару, але мяне сапраўды захапляюць такія людзі. Так, у Польшчы камфортна жыць. Тут камфортныя жылыя комплексы, больш танная ежа. Але такога ўзроўню павінна быць і Беларусь. А з Лукашэнкам будзе толькі стагнацыя.

Можна бясконца глядзець, як беларусы спрачаюцца пра тое, ці працуюць санкцыі. Але ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што яны наблізяць і вызваленне палітвязняў.

— Санкцыі працуюць. Цяпер мы бачым: ледзь толькі пачаліся больш актыўныя дзеянні — і тут жа пачынаюць мяняць падыходы да палітвязняў. З'явіліся навіны пра прапановы падпісаць пакаянныя лісты, пасля якіх іх пачнуць выпускаць, — кажа Віталь Алейнік з беларуска-літоўскай мяжы.

— Ёсць і іншае меркаванне: санкцыі толькі наблізяць момант больш цеснай інтэграцыі з Расіяй.

— Я не думаю, што ўвядзенне новых санкцый паўплывае на ўзмацненне інтэграцыі з Расіяй. Усё ж частка людзей, якія цяпер займаюць памяшканні ў Палацы Незалежнасці, разумее: калі інтэграцыя пойдзе далей, Лукашэнку змятуць. У рэшце рэшт, яго фігура таксічная нават для Расіі.

 

А што на іншых межах?

Дыяспары ва Украіне і Латвіі яшчэ "могуць здзівіць цікавымі навінамі", расказалі суразмоўнікі Еўрарадыё, не дадаючы падрабязнасцяў. А вось падобнай актыўнасці з боку расійскай мяжы наўрад ці варта чакаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі