Вы тут

Домрачава пракаментавала збіццё брата

Дар'я Домрачава / facebook.com/darya.domracheva

Людзі павінны быць пачутыя, заявіла Герой Беларусі, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава пасля настойлівых заклікаў карыстальнікаў сацсетак пракаментаваць збіццё яе брата архітэктара Мікіты Домрачава. Спартсменка выказалася ў Facebook.

Каментар Домрачавай атрымаўся вельмі стрыманым. Калі коратка, то ўсе бакі не маюць рацыі. І яна не хацела б сваімі выказваннямі павышаць градус напружання ў грамадстве.

"Я абсалютна дакладна разумею, што мой публічны гнеў не вырашыць грамадскіх праблем", — напісала Домрачава. Паводле яе слоў, рэзкі каментар дапамог бы "самасцвярдзіцца ў вачах іншых, хто выказваецца", але да мэты гэта не прывядзе.

"Мы ўсе бачым, што ў краіне праблемы, а каб спрыяць іх вырашэнню, бескарысна скалынаць паветра агрэсіўнымі словамі з аднаго боку і абсалютна дакладна, бескарысна з іншага боку, звальняць, арыштоўваць і дубасіць людзей на вуліцах", — напісала спартсменка.

На яе думку, рэзкія каментары могуць толькі пагоршыць сітуацыю. Тым не менш яна звярнулася да прадстаўнікоў улады — дзяржорганы, лічыць спартсменка, павінны ўсё ж такі знайсці "ідэі цікавей, чым "завалілі/арыштавалі/звольнілі". "Не ў першабытным жа веку жывём", — адзначае Дар'я Домрачава.

Архітэктар Мікіта Домрачаў быў затрыманы падчас Марша годнасці ў нядзелю. Па яго словах, ён ехаў адведаць маці. Падчас затрымання брат спартсменкі быў моцна збіты. З РУУС яго забрала хуткая. Пазней ён распавядаў Еўрарадыё, што "галава разбітая ў трох месцах, зашывалі тры раны. Таксама пабоі на ўсім целе ад дубінак".

facebook.com/darya.domracheva

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.