Долар падае ў Расіі, а адгукаецца ў Беларусі

У Расіі зніжаецца курс долара. Кожны тыдзень долар губляе прыкладна 10 расійскіх капеек. На першы погляд, такія страты з’яўляюцца неістотнымі, але насамрэч наступствы могуць быць самымі рознымі.
А як гэтая сітуацыя можа паўплываць на Беларусь? І што для нашай краіны больш дрэнна – слабы долар ці ўзмоцнены расійскі рубль, задалося пытаннем Еўрарадыё. Разважае начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў:

“У адпаведнасці з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі ў гэтым годзе, прывязаны не да расійскага рубля, а да долара ЗША. Таму калі расійскі рубль будзе ўмацоўвацца ў адносінах да долара ЗША, то на курсе беларускай валюты гэта не адлюструецца. Там, у Расіі, спецыфічная сітуацыя.

У сувязі з вялікімі коштамі на нафту ідзе вялікая плынь нафтадолараў у краіну. І натуральна, што гэта аказвае вялікі ціск на курс расійскага рубля ў бок яго замацавання. Гэта не ёсць добра. Паколькі тым самым узрастае сабекошт расійскіх тавараў і, адпаведна, падае іх канкурэнтназдольнасць”.

Анатоль Драздоў лічыць, што прайграюць тыя прадпрыемствы, якія гандлююць з Расіяй, а гэта, між іншым, 15 адсоткаў імпарту.

“Вырасце толькі курс расійскага рубля да беларускага. То бок для тых, хто купляе расійскі тавар за расійскія рублі, гэта неістотная колькасць імпарцёраў, таму што ў асноўным мы з Расіяй таргуем за долары ЗША, у іх адпаведна сітуацыя будзе ці выгадная, ці нявыгадная, у залежнасці ад абставінаў.

Ва ўсялякім выпадку, ім спатрэбіцца куды больш беларускіх рублёў, каб набыць расійскі рубль на ўнутраным рынку — адпаведна, у іх будуць дадатковыя выдаткі. Але, як я ўжо казаў, за расійскія рублі мы купляем у Расіі вельмі неістотную колькасць тавараў: 10-15 адсоткаў ад агульнай лічбы”.


А ў чым лепш зараз захоўваць грошы беларусам? Нацбанк не расчараваў нас сваім адказам.

Анатоль Драздоў: “У беларускіх рублях. Іншага адказу з Нацыянальнага банку вы не атрымаеце. Традыцыйна, мінулыя 6 год, уклады ў беларускіх рублям прыносілі больш даходаў, чым інвалютныя. Ці будзе так і ў гэтым годзе? Час пакажа.

Калі раней 1 студзеня вы прадавалі 300 долараў і клалі іх у банк у беларускіх рублях пад працэнтную стаўку і тое самае рабілі з доларамі, то па сканчэнні года, вы, атрымаўшы назад свае грошы з працэнтамі і набыўшы долары, атрымлівалі большы даход, чым долары, якія проста ляжалі на вашым укладзе. Гэта 6 год запар, як гадзіннік, спрацоўвала. Як зараз будзе – не ведаю. Трэба паглядзець”.

А вось незалежныя эксперты думаюць крыху па-іншаму. Кажа былы старшыня Нацбанку, эканаміст, прафесар Станіслаў Багданкевіч:

“Думаю, што больш выгадна ў расійскіх рублях і еўра, калі казаць пра прамую выгаду. Але сёння ўсё яшчэ можна захоўваць і ў беларускіх рублях. Калі бедняку-беларусу ашчаджаць рублі і набываць айчынную прадукцыю, то, я думаю, захоўваць можна і ў нацыянальнай валюце, часова, аглядваючыся на сітуацыю. Еўра і расійскі рубль – гэта больш бяспечна”.

Так што ж усё ж такі чакае долар у будучым? Прагноз дае дэкан эканамічнага факультэта БДУ, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускіх банкаў, прафесар Міхаіл Кавалёў:

“Падзенне курсу долара працягваецца, працягвалася і будзе працягвацца. Большасць экспертаў прадсказываюць, што не далёкі час, калі за 1 еўра будуць даваць 1.5 долара. Гэта стратэгічна, гэта будзе гадоў праз пяць.

У Расіі і ў нас – гэта толькі адлюстраванне агульнай тэндэнцыі. У першую чаргу, долар падае таму, што расце кошт на энерганосьбіты”.


Фота — www.ivip.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі