Для беларускіх школьнікаў плануюць увесці тэст на схільнасць да наркотыкаў

Яшчэ год таму растворам з “бубак” у Беларусі калоліся да 150 тысяч чалавек. Прыкладна такая ж колькасць людзей магла спажываць сінтэтычныя псіхатропы новага пакалення ― спайсы, маркі, парашкі. Аднак цягам года гэта сітуацыя пачала змяняцца.

У мінулым годзе збытчыкаў насення маку было 150-160. Сёння 30-40 чалавек. Канфіскавана 12 транспартных сродкаў. Частку з тых дылераў, якія працуюць сёння, мы ўжо двойчы ці тройчы затрымлівалі. Яны знаходзяцца пад кантролем, ― канстатуе кіраўнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Мікалай Карпянкоў. ― Ёсць такая ініцыятыва, каб наконт гэтых сістэмных збытчыкаў наступала крымінальная адказнасць. Пытанне мы ўжо абмяркоўвалі з парламентарыямі”.

Саджаць макавых баронаў за краты пакуль не могуць. Канвенцыя ААН не дазваляе прызнаць насенне маку наркотыкам.

Расследаванне: за 39 хвілін мак з мінскага рынка пераўтвараецца ў наркотык

Нагадаем, што “бубкі” распаўсюджваліся ў Беларусі з 2004 года. Сёлета пачаў дзейнічаць Дэкрэт №1. Ён прадугледжвае буйныя штрафы і канфіскацыю аўтатранспарту, на якім перавозяць наркотык. Такім чынам, продаж насення маку стаў менш выгадным. А тое, што спажыўцы пераходзяць з макавага раствору на “хуткія” наркотыкі, пацвярджаюць медыкі.

Якім чынам Дэкрэт №1 супраць "бубак" спыніць наркадылераў?

“Калі раней большая частка нашых пацыентаў былі залежныя ад апіоідаў (то бок, калоліся растворам з “бубак”, ― заўв. Еўрарадыё), то цяпер да нас звяртаюцца залежныя ад псіхастымулятараў. Засмучае, што спажыванне гэтых рэчываў сустракаецца і ўнутрывеннае", ― канстатуе галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў.

Расследаванне: Як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі

Псіхастымулятары, пра якія вядзецца гаворка, — яшчэ адна абагульняючая назва для "спайсаў", "марак" і парашкоў. Толькі за гэты год больш за 60 такіх рэчываў у Беларусі уключылі ў пералік забароненых. Але ў азіяцкіх лабараторыях ствараюць новыя псіхастымулятары па новых формулах. І іх прадаюць пад выглядам легальных. Часам ні спажыўцы, ні дылеры не ведаюць, ці ёсць "спайс" або парашок у спісе забароненых. І трапляюць за краты. Колькасць распачатых крымінальных спраў за абарот наркотыкаў цягам гэтага года рэкордная ― 3330. З іх больш за 2000 ― па факце распаўсюджвання псіхастымулятараў.

“У канцы мінулага года у нас у РНПЦ псіхічнага здароўя знаходзілася па некалькі дзясяткаў маладых людзей, з псіхозамі пасля спажывання курыльных міксаў, ― прыводзіць прыклад Іван Канаразаў. Сёння гэта адзінкавыя выпадкі. Гэта лакмусавая папера, якая адбівае сітуацыю”.

38% ад усіх крымінальных спраў распачатыя на збытчыкаў

 

 

Нягледзячы на зрухі, наркаміліцыя разлічвае на прыняцце закона аб стварэнні антынаркатычнай камісіі. Ідэя ў тым, каб любое рэчыва з новай формулай за лічаныя дні прызнаваць забароненым, а не чакаць гэтага тыднямі і месяцамі.

Чаму зацягваюць з увядзеннем ударным мер супраць спайсаў і марак

Як паведаміў Еўрарадыё дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі, антынаркатычная камісія пры найлепшым раскладзе запрацуе не раней за пачатак наступнага года. Пры тым, што антынаркатычныя законы ў Палаце прадстаўнікоў сёння лічаць аднымі з самых актуальных.

Таксама парламентарый распавёў пра яшчэ адну меру, якая можа выклікаць шырокія абмеркаванні:

“Існуе ініцыятыва, каб увесці на ўзроўні закона абавязковае тэставанне школьнікаў на прадмет спажывання наркотыкаў. Магчыма, гэта будзе сацыяльна-псіхалагічнае тэставанне на выяўленне схільнасцяў да ўжывання. А бацькі, магчыма, скажуць нам дзякуй за выяўленне праблемы на ранняй стадыі”.

Кіраўнік наркакантролю Мікалай Карпянкоў падаў статыстыку і пра тое, што ўдалося збіць хвалю перадазіровак і смерцяў, якія ў пачатку года здараліся пасля спажывання "марак" і "спайсаў". Таксама, як заяўляецца, міліцыя робіць ухіл на ліквідацыю наркадылераў, а не шараговых спажыўцоў. 38% ад усіх крымінальных спраў распачатыя на збытчыкаў. Цікава, што такія знакамітыя традыцыйныя наркотыкі, як гераін, марыхуана, амфетамін і іншыя займаюць у Беларусі толькі 25% наркарынку. Яшчэ 10% — гэта “бубкі”. Усё астатняе ― сінтэтычныя псіхатропы.

Фота digitaltrends.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі