Дэпутаты ідуць у парламент, каб не было вяртання ільготаў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Вялічка, калі яго ізноў абяруць у парламент, абяцае пільна сачыць за тым, як працуюць выканаўчыя ўлады. Ларыса Вершаловіч – падтрымліваць законы, накіраваныя на прыцягненне інвестыцый. Сяргей Касцян – пабудаваць 15 кіламетраў трамвайных рэек. А Аляксандр Гудкоў – забяспечыць усіх працай і сацыяльнымі гарантыямі. Еўрарадыё ўжо расказвала пра тое, што сённяшнія сталяр, кіроўца, выхавацелька садку і ўчастковы міліцыянер, калі іх абяруць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, хочуць адмяніць Закон “Аб ільготах”, абараніць працоўных кантрактнікаў ад пастановы Саўміна на іх конт і прымусіць законы працаваць, а міліцыю абараняць народ. Такім чынам яны выказалі незадаволенасць працай цяперашніх дэпутатаў ПП. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што будуць абяцаць выбаршчыкам парламентарыі, якія збіраюцца ізноў ісці на выбары.

Дэпутат Алег Вялічка будзе шукаць падтрымку сярод выбаршчыкаў Брэсцка-Заходняй выбарчай акругі № 1. Па яго словах, галоўны лозунг перадвыбарнай праграмы, з якой ён плануе сёлета ісці да выбаршчыкаў, гучыць так: “Здароўе чалавека – найвышэйшая каштоўнасць дзяржавы”. Праўда, разумеючы, што аднаго лозунга для абрання можа аказацца мала, дэпутат падрыхтаваў і больш канкрэтныя і ўцямныя абяцанні.

Алег Вялічка: “У “Бальніцы хуткай дапамогі”, калектыў якой мяне вылучыў, у апошнія гады быў пабудаваны хірургічны модуль з сучаснымі аперацыйнымі. Сёння яшчэ будзе будавацца адна прыбудова. З прыёмным аддзяленнем, з рэнтгенаддзяленнем і іншымі пакоямі. Відаць, гэта вось войдзе адным з пунктаў маёй праграмы. Плюс іншыя аб’екты аховы здароўя – дзіцячая паліклініка №1, станцыя хуткай дапамогі і г.д. у першую чаргу гэтыя аб’екты будуць у полі майго зроку, з улікам таго, што я сам выйшаў з гэтай сістэмы”.

Як прызнаўся дэпутат, ініцыятыва зрабіць штосьці на пералічаных аб’ектах сыходзіць не ад яго – гэтыя планы існуюць даўно. Сваю ж задачу ён бачыць у тым, каб падштурхоўваць выканаўчую ўладу найхутчэй выканаць запланаванае.

На мінулых выбарах дэпутатка ПП Ларыса Вершаловіч абяцала выбаршчыкам Лунінецкай выбарчай акругі №13 дамагчыся заканчэння будаўніцтва раённай бальніцы. Бальніцу пабудавалі, і зараз дэпутатка плануе ад вырашэння раённых праблем нарэшце перайсці да праблем больш глабальных – заняцца законатворчасцю.

Ларыса Вершаловіч: “Што я планую ўнесці ў сваю праграмы, так гэта падтрымку розных заканадаўчых актаў, якія накіраваныя на прыцягненне інвестыцый у нашу краіну. Гэта ўсе сацыяльныя праграмы, накіраваныя на падтрымку дабрабыту маладой сям’і, на ахову здароўя маці і дзіцяці, на абарону правоў дзіцяці, на падтрымку ветэранаў, інвалідаў і тых людзей, якія сваім жыццём заслужылі, каб адносіны да іх дзяржавы былі асаблівыя”.

Акрамя таго, дэпутатка абяцае не пакінуць без увагі праблемы малога і сярэдняга бізнэсу і праблемы аховы здароўя на сяле.

Дэпутат Сяргей Касцян будзе схіляць на свой бок жыхароў Мазыршчыны, выбарнікаў Палескай выбарчай акругі № 43. Праўда, ён шчыра прызнаўся Еўрарадыё, што ўласнай перадвыбарнай праграмы не мае.

Сяргей Касцян: “У мяне сваёй асабістай праграмы няма. Ёсць праграма прэзідэнта, якую ўхвалілі на Усебеларускім сходзе, і ёсць праграма Камуністычнай партыі Беларусі, сябрам якой я з’яўляюся. Гэтыя дзве праграмы ідэнтычныя, яны накіраваны на падтрымку больш высокага ўзроўню жыцця беларускага народа, і таму я падтрымліваю гэтыя абедзве праграмы і буду іх выкарыстоўваць”.

Ад сябе Касцян абяцае пракласці 87 кіламетраў чыгункі ад вёскі Рушкевічы да Мазыра, 15 кіламетраў трамвайных рэек ад Мазыра да Нароўлі, пабудаваць стадыён у мястэчку Ельск і завершыць будаўніцтва цаглянага завода ў Мазырскім раёне.

Дэпутат Аляксандр Гудкоў збірае подпісы ў сваю падтрымку ў Віцебска-Чкалаўскай акрузе №18. Па яго словах, упор у сваёй перадвыбарнай праграме ён будзе рабіць на эканоміцы.

Аляксандр Гудкоў: “Адназначна буду абяцаць забяспечыць годную працу, усю гэтую працу ўкласці ў дадатковы кошт, каб мы маглі забяспечыць сталых людзей, бюджэтную сферу. І адназначна нейтральная пазіцыя Беларусі, і ніколі ні адзін яе салдат не будзе за яе межамі. За выключэннем выпадкаў, калі наш самалёт дзесьці будзе захоплены тэрарыстамі, мы, па рашэнні прэзідэнта і ўзгадненні з парламентаў, дашлем туды прафесіяналаў. Ну, і падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу, развіццё “сярэдніх” прадпрыемстваў”.

Дэпутат нагадаў, што сам ён прайшоў Афганістан, больш за 20 гадоў адслужыў у паветрана-дэсантных войсках і таму будзе ўдакладняць статус воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сённяшні, кажа, выглядае неяк “размыта”. Праўда, як высветлілася, гэта не тычыцца вяртання афганцам ільгот.

Аляксандр Гудкоў:
“Ільготы, гэта шлях у нікуды. А сацыяльныя гарантыі, калі чалавек пацярпеў на любой службе Айчыне, павінны чалавеку гарантаваць – калі ён не шкадуючы жыцця выконвае сваю працу, то ён не толькі зможа вылекавацца і рэабілітаваць здароўе, але і што сям’я яго не скоціцца за мяжу беднаты”.

Такім чынам атрымліваецца, што большасць прэтэндэнтаў на мандат дэпутата ПП абяцаюць выбаршчыкам вырашаць іх мясцовыя праблемы. Але ці справа гэта дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў? Ва ўсім свеце такія пытанні паспяхова вырашаюцца мясцовымі заканадаўчымі і выканаўчымі ўладамі. Калі ж мясцовыя ўлады на гэта не здольныя, то навошта яны патрэбныя?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі