"Дата генератар": 23 жніўня 1939 года — пакт Молатава-Рыбентропа

"Дата генератар": 23 жніўня 1939 года — пакт Молатава-Рыбентропа

У гэты дзень у Маскве наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў (ён жа адначасова і старшыня Саўнаркама СССР) і міністр замежных спраў Германіі Іахім Рыбентроп падпісалі пагадненне (пакт) аб узаемным ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Размовы з Рыбентропам аб умовах пагаднення вялі непасрэдна Сталін і Молатаў.

Да дамовы быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”. Гэты пратакол усталяваў межы паміж сферамі геапалітычных інтарэсаў сталінскага СССР і гітлераўскай Германіі ва Усходняй Еўропе.

Першы пункт пратакола зафіксаваў, што краіны Усходняй Прыбалтыкі (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Летува) уваходзяць у сферу інтарэсаў СССР.

У другім пункце адзначалася, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання Польшчы (гэтак прыгожа бакі назвалі будучую агрэсію) мяжа сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе праходзіць прыблізна па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан.

У трэцім пункце Германія прызнала Бесарабію, якая з 1918 года знаходзілася ў складзе Румыніі, сферай інтарэсаў СССР.

Найважнейшым вынікам савецка-нямецкай дамовы было менавіта размежаванне сфер экспансіі Германіі і СССР ва Усходняй Еўропе. Гэта дамова (і некалькі наступных савецка-германскіх дамоў) амаль што на 2 гады (верасень 1939-га — чэрвень 1941-га) усталявала ваенна-палітычны хаўрус нацыянал-сацыялістычнай Германіі і камуністычнага Савецкага Саюза. Ну, і як таго патрабаваў хаўрус, кіраўніцтва Камінтэрна (гэта значыць, Сталін і ягоныя памагатыя, у першую чаргу Георгій Дзімітраў) зняло лозунгі барацьбы з фашызмам і фарміравання народных франтоў у краінах Еўропы.

Пратакол ад 23 жніўня 1939 года ды іншыя сакрэтныя пратаколы, падпісаныя СССР і Германіяй у 1939–1940 гадах, вырашалі лёс трэціх краін без іх удзелу. Сталін і ягоны ўрад выкарысталі пагадненні з Германіяй для сілавога ціску на тыя краіны.

Па-першае, праз два с паловай тыдні пасля нападу Германіі на Польшчу (17 верасня) аграмаднае савецкае войска ўварвалася на тэрыторыю Польшчы і вельмі хутка захапіла ўсю Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У гэтым войску 17 верасня было больш за 378 тысяч чалавек, 2406 танкаў і бронемашын, 3167 гармат і мінамётаў. Яго ўварванне падтрымала авіацыя — 2410 самалётаў. Асобна трэба лічыць войскі НКУС — яшчэ 205 тысяч чалавек!

Па-другое, на працягу 1940 года СССР, выкарыстаўшы розныя палітычныя хітрыкі, спачатку размясціў свае вайсковыя часці на тэрыторыі Эстоніі, Латвіі, Летувы, а потым скінуў урады, якія там існавалі, і праз фальсіфікаваныя выбары захапіў гэтыя краіны і далучыў іх да сябе.

Па-трэцяе, Масква дамаглася ад урада Румыніі, напалоханага захопамі Польшчы і Прыбалтыкі, фактычнай капітуляцыі, праз якую румыны 28 чэрвеня 1940 года аддалі саветам Бесарабію і Паўночную Букавіну.

Па-чацвёртае, на працягу 34 месяцаў ажыццяўляўся вельмі маштабны і выгадны гандаль СССР з Германіяй.

Толькі перамагчы Фінляндыю ў Зімовай вайне (30 лістапада 1939 — 12 сакавіка 1940) саветам не ўдалося, бо фіны мужна і ўмела абараняліся, а іх супраціў савецкай агрэсіі рашуча падтрымалі Англія з Францыяй.

Менавіта дамова ад 23 жніўня 1939 года, якая дала Гітлеру гарантыі, што СССР будзе заставацца на ягоным баку і не ўдарыць у спіну, дазволіла Германіі пачаць вайну ў Еўропе, захапіць Польшчу (верасень 39-га), потым Данію з Нарвегіяй (9 красавіка — 10 чэрвеня) і краіны Бенілюкса (10–28 траўня 1940-га), разбіць Францыю (13 траўня — 22 чэрвеня) і напалову акупаваць яе.

І таму 2 красавіка 2009 года 533 галасамі з 610 (87,43%) Еўрапарламент прыняў пастанову, згодна з якой 23 жніўня адзначаецца як Дзень памяці ахвяр нацызму і сталінізму. Зразумела, што тая пастанова вельмі моцна не падабаецца расійскаму кіраўніцтву, якое абвясціла Расію спадчынніцай СССР і якое працягвае сталінскую традыцыю нападаў на суседнія краіны (Грузія у 2008-м, Украіна з 2014-га да сёння).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі