Дарафеева: "Я дастаткова дала шанцаў, каб выбраць мяне на Еўрабачанне"

Еўрарадыё першым даведалася і паведаміла Ірыне Дарафеевай, што яна ўвайшла ў склад журы адборачнага тура да Еўрабачання-2008. Падчас размовы са спявачкай, склалася ўражанне, што нягледзячы на сяброўства ў журы яна гатовая паехаць на Еўрабачанне хоць заўтра, і гэтае сяброўства ў гэтым ёй толькі перашкода. Спрабуючы высветліць, колькі заявак ужо пададзена на ўдзел у адборачным туры, Еўрарадыё звярнулася да сябра аргкамітэта па падрыхтоўцы да песеннага конкурсу Аляксандра Ціхановіча.

Той рассакрэчваць такія звесткі адмовіўся, заявіўшы, што спіс удзельнікаў адборачнага тура будзе агучаны толькі пасля заканчэння прыёму заявак — адпаведна, пасля 20 лістапада. Затое не рабіў таямніцы з імёнаў сябраў журы.

Аляксандр Ціхановіч: “Аўтарытэт журы неаспрэчны. У яго ўваходзяць Міхаіл Фінберг, Васіль Раінчык, Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева. Я не памятаю прозвішчы ўсіх”.

Еўрарадыё вырашыла даведацца: ці азначае сяброўства Ірыны Дарафеевай у журы тое, што сама яна на Еўрабачанне не паедзе? Але, як высветлілася, Ірына менавіта ад Еўрарадыё даведалася, што яе ўвялі ў склад журы.

Ірына Дарафеева: “Калі ён з упэўненасцю вам пра гэта сказаў, я, канешне, не адмоўлюся ад гэтай прапановы”.

Што тычыцца Еўрабачання, то спявачка ізноў гаворыць, што не супраць на яго паехаць, але без усялякіх удзелаў у нацыянальным адборачным конкурсе.

Ірына Дарафеева: “Усё, што тычыцца нашых адборачных нацыянальных конкурсаў, то я думаю, што ўжо дастаткова дала шанцаў і журы, і беларускім слухачам, каб выбраць мяне на гэты конкурс”.

На думку зоркі беларускай поп-сцэны, падобныя конкурсы не больш, чым магчымасць маладым выканаўцам зрабіць сабе дадатковы піяр. Які ёй зусім не патрэбны.

Ірына Дарафеева: “Для мяне такая дадатковая рэклама не працуе “ў плюс”. Калі б было загадзя прынята нейкае рашэнне аб маім удзеле, то, магчыма, я б не адмовілася. А гэтыя кожны раз адборачныя туры незразумелыя”…

Больш за ўсё ў адборачным туры да Еўрабачання спявачку абурае тое, што выбіраюць не выканаўцу, а песню. У выніку ж выканаўца едзе на конкурс зусім з іншай песняй. Так, кажа, было і з Агурбаш, і са Смолавай, і з Калдуном. Таму, калі на Еўрабачанне выберуць яе, то пасля яна будзе выбіраць песню.

Ірына Дарафеева: “Я не разумею, што я павінна выбіраць і якія песні прадстаўляць. Калі выберуць Дарафееву, я буду шукаць песню”.

Праўда, потым прызналася, што нават калі б у яе была годная песня, то ў адборачным туры яна ўсё адно б не ўдзельнічала. Выказала поп-зорка і сваё меркаванне, хто з выканаўцаў здольны належным чынам прадставіць Беларусь на Еўрабачанні-2008. Гэта Пётр Ялфімаў, Руслан Аляхно і… дуэт Калдуноў.

Ірына Дарафеева: “Гэта мог бы быць дуэт Калдуноў – яшчэ Георгі не ездзіў. Маглі б з Дзімам разам заспяваць. Было б цікава: быў адзін Калдун -- стала два. Чым не цуд! Гэта было б запамінальна. Добры піяр-ход без дадатковых фінансавых укладанняў”.

Фота - www.photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі