ДахаБраха & Port Mone "Хмелева project"

Сумесныя эксперыменты загадкавых беларускіх Port Mone і самабытных украінскіх ДахаБраха выліліся ў альбом “Хмелева project”, запісаны на польскай Toyastudios.

kriviy_tanec.mp3

Port Mone з’яўляюцца на дыску ў выглядзе акампаніятараў-мудрацоў, якія ведаюць сакрэт упрыгожання і паглыбленасці ўкраінскіх народных песень у інтэрпрэтацыі ДахаБраха. Манатоннасць, адарванасць і сузіранне, уласцівыя беларускаму трыа, уплятаюцца ў эмацыйную музычную тканіну ўкраінцаў, дадаючы ўнутранага драматызму кампазіцыям. Найбольш яскравае зліванне і экстаз абедзвюх каманд адбываецца ў неверагоднай баладзе “Ванюша”, якая пераклікаецца з беларускім, вайцюшкевічавым “Данілам”

vanyusha.mp3

Па сутнасці, абедзве каманды не ставяць за мэту вынаходніцтва новага саўнду ці гукавых эксперыментаў. Цалкам самадастатковая ДахаБраха дэманструе менавіта свае фішкі – грунтоўнае жаночае шматгалоссе, імправізацыйныя вакалізы Марка Галаневіча і агульны музычны “этна-хаос”. Port Mone таксама не адмаўляецца ад сваёй узвышанай пустаты. І вось менавіта гэты самы сімбіёз унутранай і вонкавай эмоцый, іх аголенасць і яднанне робяць музыку “Хмелева project” неверагодна прывабнай…

lena.mp3

Ці маглі б ДахаБраха запісаць такі альбом без Port Mone? Безумоўна. Але яму дакладна не хапала б беларускай таямнічасці, агульнай музыкальнасці і, часам, навязлівага акардэону. Безумоўна і тое, што для Port Mone праект стаў больш кароткім шляхам да папулярнасці ва Ўкраіне і Польшчы – краінах, дзе ДахаБраха карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Аднак факт, што выступы “Хмелева project” суправаджаюцца аншлагамі, сведчыць пра тое, што музыкі здолелі стварыць нешта яшчэ, нешта іншае, нешта асобнае, дзе ўсё так, як мае быць.

dyado.mp3

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі