Анлайн-праект The Undeniable Street View паказвае, як выглядалі вуліцы ўкраінскіх гарадоў да вайны — і як яны выглядаюць цяпер.
Над праектам працаваў калектыў украінскіх экспертаў па дронах і вулічнай фатаграфіі. Каманда вырашыла не публікаваць здымкаў, на якіх можна пабачыць загінулых людзей, каб досвед прагляду сайта быў меней траўматычным для непадрыхтаваных карыстальнікаў, піша ВВС.
Аўтары праекта даюць магчымасці здзейсніць віртуальны тур па вуліцах шасці ўкраінскіх гарадоў, кожны з якіх адчуў расійскае ўварванне. Можна ўбачыць, як выглядаюць цяпер вуліцы Ірпеня, Кіева, Сумаў, Харкава, Ізюма і Чарнігава, "прайсціся" ўздоўж разбураных школы, дамоў і дзіцячых пляцовак. І праз адзін націск кнопкі ўспомніць — ці даведацца — якімі гэтыя месцы былі да вайны.