Да чаго можа прывесці канфлікт ЗША і Паўночнай Карэі

Да чаго можа прывесці канфлікт ЗША і Паўночнай Карэі

У Вашынгтоне распрацавалі “шматузроўневую стратэгію па супрацьдзеянні ядзернай праграме Паўночнай Карэі”. І хоць прадстаўнікі адміністрацыі Дональда Трампа заяўляюць, што прыярытэтнымі з’яўляюцца дыпламатычныя і эканамічныя меры, але існуе пагроза і прымянення сілы. Пхеньян папярэдзіў, што будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю ў адказ на любую ваенную пагрозу. Да чаго можа прывесці магчымы канфлікт ЗША і Паўночнай Карэі, хто ў яго можа быць уцягнуты і як ён адаб’ецца на Беларусі, у эфіры Еўрарадыё абмяркоўваем з дырэктарам Цэнтра праблем еўрапейскай інтэграцыі Юрыем Шаўцовым.

Цалкам размову з Юрыем Шаўцовым можна паслухаць тут:

Цытаты з размовы:

Паўночную Карэю, Іран і ІДІЛ Трамп назваў сваімі ворагамі яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі, а яго перамовы з кітайскім кіраўніцтвам на вышэйшым узроўні, дзе ён агучыў прапанову сумесна націснуць на Паўночную Карэю, прымушаюць ставіцца да яго пагроз нанесці ўдар па гэтай краіне сур’ёзна.

З’яўленне ў Паўночнай Карэі ядзернай зброі і сродкаў яе дастаўкі ствараюць пагрозу для сталіцы Паўднёвай Карэі, якая знаходзіцца ўсяго ў 40 кіламетрах ад мяжы, для Акінавы, дзе размешчаная вялікая ваенная база ЗША, для Японіі і нават для Аляскі.

Нягледзячы на чуткі, што Кітай пачаў перадыслакацыю войскаў да мяжы з Паўночнай Карэяй, ён, хутчэй за ўсё,пажадае застацца ў баку ад гэтага канфлікту.

Пад найбольшай небяспекай ад паўночнакарэйскай ядзернай зброі апынуцца Паўднёвая Карэя і Японія, але вайскоўцы проста абавязаныя ўлічваць патэнцыйную небяспеку ад яе і для Уладзівастока і ўсяго Прыморскага краю Расіі, і гэта не можа іх не нерваваць.

Расія не зацікаўленая ў гэтай вайне, бо яе, у прынцыпе, задавальняе сітуацыя, што існуе на Карэйскім паўвостраве цягам апошніх 70 гадоў. Калі сітуацыя там пачне змяняцца, то гэта запатрабуе ўтварэння нейкага новага балансу, а значыць, улівання грошай, у чым Расія не зацікаўленая.

Узброены канфлікт з Пхеньянам да трэцяй сусветнай вайны не прывядзе ― ніякіх інтарэсаў на тэрыторыі Паўночнай Карэі ні ў Расіі, ні ў Кітая няма, змагацца за яе па ідэалагічным меркаванні сёння таксама ніхто не будзе.

Узброены канфлікт з Паўночнай Карэяй прывядзе да працяглага крызісу ў тым рэгіёне, які закране самыя розныя галіны міжнародных адносінаў, у тым ліку і эканоміку ― абавязкова пачнуцца нейкія гандлёвыя войны, уцекачы, адносіны паміж Кітаем і ЗША.

Пагаршэнне адносінаў паміж Кітаем і ЗША адаб’ецца на адносінах Беларусі з бліжэйшымі саюзнікамі ЗША ва Усходняй Еўропе ― Польшчай, Літвой, іншымі краінамі.

Калі падчас канфлікту Паўночная Карэя ці ЗША прыменяць ядзерную зброю, то гэта стане прычынай вялікай нервознасці ў тых краінах, якія знаходзяцца пад пагрозай ядзернага ўдару іншых краін. Найперш я кажу пра ўсходнееўрапейскія краіны NATO, якія сёння канфліктуюць з Расіяй ідэалагічна. Гэта таксама прывядзе да вялікай нярвовасці ў міжнародных адносінах вакол Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі