ЦВК лічыць немагчымым апячатаць выбарчыя скрыні непаўторнымі пячаткамі
Цэнтрвыбаркам лічыць, што на практыцы немагчыма апячатваць скрыні для галасавання непаўторнымі пячаткамі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай, які атрымаў брэсцкі каардынатар руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк.
1 верасня Турчаняк звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам з просьбай, каб скрыні для галасавання былі апячатаныя падчас выбараў прэзідэнта непаўторнымі пячаткамі. Таксама ён прапаноўваў дазволіць кожнаму кандыдату ў прэзідэнты пры яго жаданні дадаткова ставіць сваю пломбу на скрынку. Турчаняк мяркуе, што гэта выключыць бескантрольны доступ да бюлетэняў падчас усяго перыяду галасавання, а асабліва падчас датэрміновага, перадае БелаПАН.
Аднак у ЦВК адзначылі, што парадак апячатвання (пламбавання) скрыняў для галасавання вызначаны Выбарчым кодэксам. Цэнтрвыбаркам не мае права дазваляць кожнаму кандыдату ў прэзідэнты ці яго давераным асобам апячатваць скрыні сваімі сродкамі.
Чыноўнікі адзначаюць таксама, што ў краіне больш за 6000 участкаў для галасавання, а давераных асоб у кожнага кандыдата не больш за 30. Словы Турчаняка пра ўскрыццё выбарчых скрынак мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў адказе ЦВК называюцца "надуманымі і не пацверджанымі фактамі".
Тым часам актывіст згадвае, што, напрыклад, 22 сакавіка 2014 года падчас выбараў у мясцовыя саветы на выбарчым участку №19 у Брэсце давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты выявілі, што адбітак пячаткі камісіі на скрыні датэрміновага галасавання адрозніваецца ад фатаграфіі адбітка, зробленай за некалькі дзён да таго, адразу пасля апячатвання.
Фота: newsbel.by