Ціхановіч: Нікому прапаноўваць паўдзельнічаць у “Еўрабачанні” не будзем

Што здарыцца, калі раптам сярод пададзеных заявак на ўдзел у “Еўрабачанні” не знойдзецца ніводнага выканаўцы, які б мог годна прадставіць нашу краіну? Кіраўнік нацыянальнага адбору Аляксандр Ціхановіч кажа, што нават у такім разе выбіраць будуць толькі з таго матэрыялу, які дашлюць самі спевакі. “Канешне, можна было б прадбачыць такую сітуацыю, што бяда, і няма каго з каго выбіраць. Ну, можна было б некаму прапанаваць паўдзельнічаць. Але “Еўрафэст” — гэта конкурс. І мы не можам некага прызначыць. У нас няма гэтага ў правілах. Тады нам давядзецца мяняць правілы, мяняць фармат”.

Аляксандр Ціхановіч нагадаў, што сёлета прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанні” будуць выбіраць тэлегледачы.

Аляксандр Ціхановіч: “У нас сёлета змены. У паўфінале будзе выбіраць прафесійнае журы, а ў фінале будуць галасаваць тэлегледачы. Таму ўсё вельмі сур’ёзна будзе ў гэтым годзе”.

Вялікую ўвагу, улічваючы “горкі досвед” мінулага года, будуць надаваць псіхалагічнаму стану выканаўцы.

Аляксандр Ціхановіч: “Мой горкі момант з мінулага года. Псіхалагічны стан артыста павінен адпавядаць конкурсу “Еўрабачанне”. Таму што той аб’ём працы, які прыходзіцца на яго там, падчас конкурсу, ні з чым не параўнальны. Бясконцыя інтэрв’ю, заўсёды неабходна быць у форме, трэба ўмець камунікаваць і так далей”.

Нагадаем, заяўкі на ўдзел у “Еўрафэсце” прымаюцца да 20 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі