Ціханоўская пракаментавала відэа Бабарыкі і Калеснікавай пра стварэнне партыі

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Святлана Ціханоўская рэзка выказалася наконт заявы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі пра ідэю стварэння партыі "Разам". Зварот з'явіўся 1 верасня ў тэлеграм-канале "Пул первой".

"Стварэнне новых палітычных партый — пазітыўны працэс і прыкмета імкнення да дэмакратыі. Таму я пазітыўна гляджу на ініцыятыву Віктара Бабарыкі стварыць сваю партыю. У свабоднай дэмакратычнай краіне кожны мае на гэта права. Разам з тым я пачула ў заяве штаба Віктара Бабарыкі два сцверджанні, з якімі катэгарычна не згодная.

Па-першае, я катэгарычна не згодная са сцверджаннем, што на выбарах мы не змаглі перамагчы. Усе ведаюць, што гэта не так. Мы перамаглі, але нашу перамогу спрабуюць украсці. Менавіта таму людзі выйшлі на масавы пратэст, менавіта таму пачаліся забастоўкі, менавіта таму пратэстуе ўсё наша грамадства — ад студэнтаў да пенсіянераў, ад спартсменаў да прадпрымальнікаў.

Па-другое, я не згодная, што першая задача, якая стаіць перад намі — гэта канстытуцыйная рэформа. Такая пастаноўка мэты не адпавядае патрабаванням беларускага народа і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёння Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў нявызначаныя тэрміны".

На думку Ціханоўскай, спачатку трэба пачуць патрабаванні грамадзян, а потым праводзіць рэформы.

"Спачатку — патрабаванні грамадзян, потым — рэформы, якія магчымыя толькі пасля сумленных выбараў. Думаю, пасля новых прэзідэнцкіх выбараў нам варта было б захаваць адзінства і стварыць шырокі грамадскі рух з удзелам усіх зацікаўленых партый і грамадзян".

Напярэдадні на ютуб-канале Віктара Бабарыкі з'явілася відэа з назвай "Мы ствараем партыю". У ім Віктар зрабіў заяву (відавочна, што відэа запісана да арышту Віктара), што "мы не змаглі перамагчы на выбарах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі