Вы тут

Ціханоўская: не дай Бог аказацца перад такім выбарам, перад якім апынулася я

Разгон акцыі пратэсту ў Мінску / Reuters

Былая кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская запісала кароткае відэа, у якім асцярожна паспрабавала патлумачыць свой ад'езд у Літву. "Я думала, што ўся гэта кампанія мяне вельмі моцна загартавала і дала мне столькі сіл, што я вытрымаю ўсё, — кажа яна. — Але, напэўна, я так і засталася той самай слабой жанчынай, якая была ад пачатку".

Ціханоўская заявіла, што "прыняла вельмі цяжкае для сябе рашэнне" і "абсалютна самастойна". Яна не кажа пра ціск з боку ўладаў, але намякае на яго.

"Ведаеце, не дай Бог аказацца перад такім выбарам, перад якім апынулася я", — кажа Святлана Ціханоўская. Як вядома, за кратамі ў Беларусі застаецца яе муж Сяргей Ціханоўскі, застаюцца ў зняволенні яго і яе паплечнікі.

"Дзеці — гэта самае важнае, што ёсць у нашым жыцці", — так скончыла відэазварот Ціханоўская. Яе дзеці былі вывезены з Беларусі раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.