Ці знойдзены “беларускі катынскі спіс”?

Гісторык Ігар Кузняцоў сцвярджае, што знойдзеныя дакументы не што іншае, як фрагмент “беларускага катынскага спісу” вайсковых вязняў, якія былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі ў межах “катынскай” аперацыі.

120622 KuznecouS.mp3

Еўрарадыё: Беларускі катынскі спіс знайшла ў Маскве прафесар Лебедзева. Польскія гісторыкі сумняваюцца, што ён існуе, але вы заўсёды казалі, што беларускі спіс ёсць. Як бы вы пракаментавалі гэта?

Кузняцоў: Варта патлумачыць, што назва “катынская справа” – зборная. Гаворка вядзецца пра растрэл у красавіку-траўні 1940-га года амаль 22-юх тысяч афіцэраў польскага войска, якія ўтрымліваліся ў розных турмах і лагерах НКУС. З іх 14 552 польскія афіцэры былі ў трох лагерах: Казельскі, Асташкоўскі, Старобінскі – яны былі расстраляныя ў Катыні, пад горадам Цвер  ды ў Харкаве. 7 305 чалавек трымаліся ў турмах Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. Згодна з дакладной запіскай Шалепіна на імя Хрушчова датаванай  3-м сакавіка 1953-га года – яны былі расстраляныя ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Украіна ў 1994 годзе перадала сваю частку “катынскага спісу” польскаму боку, у ім налічвалася 3 435 прозвішчаў.Адкуль узялося паняцце “беларускі катынскі спіс”? Калі мы адымем ад агульнай колькасці беларускіх і украінскіх вязняў 3435 прозвішчаў  з “украінскага катынскага спісу”, то ў беларускім тэарэтычна  павінна застацца 3870. Але гэта толькі паводле дакладной запіскі Шалепіна. Аднак напярэдадні пастановы Палітбюро 5-га сакавіка 1940 года аб расстрэле афіцэраў польскага войска ў дакладной запісцы Берыі ўказывалася іншая лічба тых, каго трымалі у турмах Заходняй Украіны  - 18 700 чалавек, з іх растрэлу падлягала 11 000. Але ж паводле запіскі Шалепіна 59-га года (дзе ён паведамляе Хрушчову аб правядзенні “аперацыі” ў 1940-ым і раіць знішчыць довады – Еўрарадыё) растраляна было ў Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі агулам 7305 асобаў (менш, чым Берыя раіў расстраляць Сталіну – Еўрарадыё). Я 25 год займаюся гэтымі праблемамі – я не сустракаў такога выпадку, каб была недавыкананая разнарадка па расстрэлах. Перавыкананне было, а недавыканання – не. Таму ў гэтай лічбе – вялікія сумневы, але мы абапіраемся на гэтую лічбу, што ў беларускім спісе было не менш за 3870 чалавек. У нас да публікацыі Лебедзевай былі адкрытыя 2 дакументы.  

Еўрарадыё: А чаму польскія гісторыкі сумняваюцца?

Кузняцоў: Бо гэта нельга назваць “беларускім катынскім спісам” па адной прычыне: там 1996 прозвішчаў, а мінімальная лічба расстраляных – 3870, то бок, гэта крыху больш за палову. Гэты спіс – гэта кніга ўліку асобаў, якія былі канваяваныя 15-ай канвойнай брыгадай войскаў НКУС, якая дыслакавалася на тэрыторыі Беларусі. І вядома, што ў гэтым спісе акажуцца асобы, якія пасля былі дэпартаваныя ў ГУЛАГ, тыя, якія пасля маглі аказацца ў арміі Андэрса – мы кажам, што гэта фрагменты таго спісу. Я мяркую, што 2/3 прыведзенага спісу – тыя, хто быў расстраляны ў Мінску ў красавіку-траўні 40-га года. Беларускі КДБ адмаўляе, што ў Беларусі ёсць гэты спіс, ФСБ не пацвердзіла , што мае гэты спіс ,але мы можам меркаваць, што гэта ўпершыню апублікаваная частка таго катынскага спісу. 

Еўрарадыё: Хто сярод расстраляных? 

Кузняцоў: Збольшага гэта былі афіцэры запасу, то бок учорайшыя настаўнікі, лекары, якія былі прызваныя ў сувязі з пачаткам ІІ Сусветнай вайны. Але “польская” аперацыя тычылася не толькі афіцэраў: падчас яе расстрэльвалі паводле нацыянальнай прыкметы яшчэ і людзей, якія не былі ані афіцэрамі войска, ані афіцэрамі ў запасе. Я маю свае падлікі: па гэтай аперацыі на тэрыторыі Беларусі былі расстраляныя не менш за 11 000 чалавек, з іх афіцэраў – не менш за 8-9 тысяч. Да таго ж і цывільныя асобы, пра якіх мы цяпер не ведаем, якія былі таксама дэпартаваныя ў пункт назначэння ў Мінску ды расстраляныя па гэтай аперацыі. І яшчэ важны момант. Лебедзева выявіла, што 1880 чалавек са спісу былі дастаўленыя з красавіка па ліпень, а мы раней казалі, што аперацыя доўжылася красавік-травень. То бок, часавыя рамкі аперацыі былі шырэйшыя. У чэрвені 41-га года, калі пачалася вайна СССР з Германіяй – 24-га чэрвеня у Беразвеччы на Глыбоччыне расстралялі вязняў у турмах, сярод якіх былі таксама афіцэры польскага войска – у польскім вайсковым адзенні. Таму, аперацыя не завяршылася ў 40-ым годзе – дабівалі яшчэ ў 41-ым. Мы, на жаль, нават не можам уявіць, колькі расстраляных было падчас гэтых двух этапаў аперацыі.  


************************************


Польскі асяродак “Карта”, якія вывучае лёсы рэпрэсаваных палякаў, адразу абверг інфармацыю, што знойдзеныя Лебедзевай у Маскве дакументы могуць быць “беларускім катынскім спісам”. “Карта” сцвярджае, што асобы, пералічаныя ў спісах дакументу, фігуруюць пазней у спісах лагерных вязняў, напрыклад, у Варкуце і не былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі. 

Еўрарадыё: Чаму “Карта” лічыць, што гэта не “беларускі катынскі спіс” або яго фрагмент?

Карта: Вядома, мы з вялікай надзеяй падышлі да таго, што паказалася ў “Газеце выборчай”, але скан, які змясцілі на старонцы газеты як фрагмент таго дакументу, які “Газета выборча” прадставіла як “беларускі спіс”, насамрэч аказаўся дакументам, які мы маем ужо з паловы 90-ых гадоў. Гэта не што іншае, як кніга рэгістрацыі асобаў, адканваяваных у Мінск у 1939-1940 гадах спецыяльнымі групамі 15-ай брыгады канвойных войскаў НКУС. Гэты дакумент мы шмат гадоў выкарыстоўваем у нашых публікацыях. Мы ведаем пра лёс не менш за 300 асобаў з гэтага спісу, якія пазней трапілі ў лагеры. Таму не можа гэта быць “беларускі спіс”.

Неўзабаве сама прафесар Лебедзева сцвердзіла – як цытуе TVP info – што гэта толькі спісы, на падставе якіх мы можам ведаць імёны асобаў з Заходняй Беларусі, расстраляных вясной і летам 1940-га года. 

Наталля Лебедзева: “Гэта не “беларускі спіс”. Гэта рэгістрацыйная кніга канвою для асабліва небяспечных злачынцаў. Яна ўтрымлывае створаны, праўдападобна, адным чалавекам спіс усіх канвояў, якія з сакавіка да ліпеня прыходзілі з розных мясцовасцяў Заходняй Беларусі ў асноўным – у Мінск”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі