Ці здолее апазіцыя выбраць адзінага?

Сёння ў цэнтры Мінску дэмакратычныя прэтэндэнты ў кандыдаты правялі агульны мега-пікет. Першым на пікеце з'явіўся Ўладзімір Някляеў, потым да яго далучыўся Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Мікалай Статкевіч, апошнім з'явіўся Андрэй Саннікаў, таксама прыйшоў падтрымаць прэтэндэнтаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Еўрарадыё пацікавілася, якая мэта гэтага агульнага пікета.

Някляеў: Мы хацелі візуальна паказаць, што няма тых, хто не хоча закончыць гэтыя выбары з найлепшым вынікам. Найлепшы варыянт — гэта адзіны кандыдат. Гэта яшчэ не значыць еднасць апазіцыі, але гэта прадумова прыняцця належных рашэнняў у належны час.
Саннікаў: Будзе кансалідацыя, будзем абмяркоўваць з тымі рэальнымі кандыдатамі, якія сабралі подпісы, якія працуюць на тое, каб нешта адбылося тут. Я працую на перамогу. Рэальна зараз шанцы павялічваюцца. Бачыце, якая падтрымка? Гэта сведчыць пра тое, што падтрымліваецца новая Беларусь, а не дыктатура і Лукашэнка.
Кастусёў: Я з'яўляюся прыхільнікам абрання адзінага кандыдата. У нас ужо ёсць дамоўленасць, што мы сустракаемся і размаўляем наконт супольных дзеянняў. Мы сустрэнемся пасля здачы падпісных лістоў і, думаю, нечага станоўчага дасягнем. Ёсць імкненне да аб'яднання. Што атрымаецца ў выніку — не хачу загадваць.
Статкевіч: Нажаль, гэтае супрацоўніцтва трэба было наладжваць раней. Зараз Лукашэнка сярод шматлікіх прэтэндэнтаў выбярэ сабе супернікаў — што вельмі прыкра. А калі ён іх выбярэ і зарэгіструе — нажаль, я бачу вельмі малаверагоднай інтэграцыю кампаніі і абранне адзінага кандыдата.
Шушкевіч: Каб не было непатрэбных спрэчак у асяроддзі дэмакратычных кандыдатаў . Я паважаю Саннікава, Някляева, можна шмат добрага сказаць і пра іншых кандыдатаў. Не трэба казаць дрэннае, а трэба казаць добрае. А добрага шмат у гэтых людзей.
Рымашэўскі: Кандыдатам у прэзідэнты не трэба загульвацца ў гэты спектакль, які разыгрывае перад намі Лукашэнка. Спектакль называецца "Гульня ў дэмакратычныя выбары". А быць сапраўды цвярозымі, быць еднымі і рыхтаваць плошчу 24 лістапада і 19 снежня.
Някляеў: Вы ўсе бачылі, што адбывалася на пікетах — дзе стаялі столікі Саннікава, Някляева і іншых і дзе стаялі столікі Лукашэнкі. Ніхто туды не падыходзіў. Вось рэальная карціна. І тое, што ён зрабіў на ўсю краіну, калі сядзеў побач з ім Шэйман, заклікана для таго, каб ратавацца. Ён кінуў такі жэст, гэта інфармацыя аб тым, што не ўсё так добра, як вам малююць дарагі наш Аляксандр Рыгоравіч.
Падводзячы вынікі Ўладзімір Някляеў адзначыў, што кансалідацыя ўжо бачна, бо на агульны пікет прыйшлі ўсе, з кім дамаўляліся.
Някляеў: Усё тыя, з кім мы дамовіліся папярэдне, — сёння на нашым агульным пікеце. Не прыехаў толькі Раманчук, які патэлефанаваў і сказаў, што ад'едзе ў гэты час.
Еўрарадыё запытала мінакоў, каму яны аддалі свой голас.
Някляеў павітаўся з усімі сябрамі ініцыятыўнай групы.
Апошнія дадзеныя галасоў за Някляева па Мінску
Людзі падпісваюцца за кандыдатаў да апошўняга моманту.
Пікеты Саннікава і Рымашэўскага побач.
Някляеў раздае аўтографы
Збіраюць подпісы за Рымашэўскага
Зборшчыкі подпісаў прывезлі з Магілёва на агульны пікет, там за Някляева сабралі амаль 20 тысяч подпісаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі