Ці апране П'ер Кардэн Лукашэнку?

Расійскі Алімпійскі камітэт адмовіў вядомаму французскаму куцюр’е П'еру Кардэну ў жаданні экіпіраваць расійскую нацыянальную зборную на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 году. А чаму б тады беларускай зборнай не звярнуцца да легендарнага мэтра? Дарэчы, дызайн праекту нашай нацыянальнай зборнай пакуль не зацверджаны. Еўрарадыё датэлефанавалася ў Маскву да афіцыйнага прадстаўніка П'ера Кардэна ў Расіі – камерцыйнай кампаніі “Міра”. На пытанне, ці магчыма перарабіць форму Кардэна пад Беларусь, адказвае памочніца дырэктара кампаніі Вольга Несцерава:

“Там, замяніць расійскі сцяг на беларускі магчыма. Але, у прынцыпе, гэтыя эскізы прапаноўваліся па экіпіроўку менавіта расійскай зборнай. Таму наўрадці паралельна маглі ісці перамовы з вашым Алімпійскім камітэтам, што ўжо само па сабе з’яўляецца нонсэнсам. А што тычыцца таго, ці магчыма гэта наогул, напэўна трэба размаўляць. Можа, гэта і магчыма. Але пасля таго, калі тэндэр усё ж такі прайграны, я не ведаю наогул, ці будзе размаўляць на гэтую тэму спадар Кардэн”.

На мінулых гульнях нашых алімпійцаў апранала Галоўнае гаспадарчае упраўленне Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Ды і ў гэтым годзе менавіта яно збіраецца экіпіраваць спартоўцаў.

Як праходзіць выбар дызайну формы, распавядае начальнік гандлёва-камерцыйнага аддзелу “Белспортзабеспячэння” Таццяна Насковіч:

“У лістападзе ў “Спортивной панораме” і “Рэспубліцы” была размешчана аб’ява, што Міністэрства спорту разам з Нацыянальным Алімпійскім камітэтам аб’яўляюць конкурс на распрацоўку дызайн-праекту алімпійскай параднай формы. Яшчэ дадаткова мы разаслалі запрашэнні ва ўсе нашыя арганізацыі кшталту “Цэнтр мод”, “Дом мод”, “Агенцтва Сашы Варламава”, у Акадэмію мастацтваў, Універсітэт культуры – туды, дзе ёсць кафедры, якія могуць паспрыяць”.

Аб якіх замежных дызайнерах можа ісці размова, калі мы не звяртаемся нават да сваіх. Распавядае беларускі дызайнер Наталля Поткіна:

“Мне не прапаноўвалі. І, дарэчы, на жаль. Таму што ў мяне ўсплывала шмат ідэяў на гэты конт. Канешне, наогул гэты момант на першым месцы стаіць у спартоўцаў, але, на жаль, яму надаюць вельмі мала ўвагі. На першы план паўстаюць нейкія палітычныя моманты, а не эстэтычныя. Канешне, эстэтычны выгляд нашай формы фарты лепшага”.

На пытанне, ці ведалі беларускія дызайнеры пра такі конкурс, Наталля Поткіна адказала:

“Я думаю, што яны, хутчэй за ўсё, даслалі менавіта тым дызайнерам, якія працуюць у дзяржустановах. Я ведаю шматлікіх дызайнераў, якія маюць уплыў на беларускую моду, але, на жаль, яны не ў курсе. Я не думаю, што дызайнеры чытаюць спартыўныя газеты”.

(Дарэчы, Наталля пагадзілася намаляваць невялікі эскіз, дзе адлюстравала сваё бачанне беларускай алімпійскай формы. Менавіта ён з’яўляецца малюнкам да гэтага рэпартажу.)
Бачанне Наталляй Поткінай беларускай алімпійскай формы

Не звярталіся і да знакамітага Івана Айплатава, які, дарэчы, таксама быў бы не супраць прыняць удзел у стварэнні алімпійскага абмундзіравання.

Іван Айплатаў: “Таму што не было прапановаў. Але я думаю, што гэта было б цікава зрабіць, таму што ў мяне ёсць цікавыя ідэі для гэтага, і іх, магчыма, было б цікава ажыццявіць”.

А вось Агенцтву Сашы Варламава не раз прапаноўвалі стварыць форму для беларускіх алімпійцаў. Але ж ён ніколі не пагаджаўся, матывуючы свой адказ недахопам часу. Распавядае Саша Варламаў:

“Ведаеце, гэта настолькі сур’ёзная тэма, што гэтым трэба займацца з раніцы да ночы, і ўначы таксама. Алімпійская вопратка – гэта не проста дзелавы касцюм, і нават не мундзір. Гэта дух краіны, дух спаборніцтва, гонар, перамога, моц. Калі займацца гэтым, то займацца толькі гэтым, і больш нічым”.

Але ж і на яго думку, у беларускай алімпійскай формы хапае недахопаў.

Саша Варламаў: “Я, як чалавек, які займаецца модай, ставіўся б да гэтага больш смела. Спартоўцы, спорт – гэта дзёрзкасць, гэта рывок, гэта павінна быць у меншай ступені стандартна і традыцыйна. Спартоўцы ні ў якім разе не павінны быць падобнымі да чыноўнікаў, гэта не ўласціва спартоўцам. Яны неўтаймоўныя. І вось гэтыя моц, імклівасць – усё, што прысутнічае ў спорце – рэкорд, нечаканы ўнутраны выбух... Класічны касцюм, канешне, тут недарэчы”.

Сёння яшчэ невядома, хто ж усё ж такі будзе апранаць нашых алімпійцаў у Пекіне. Але ў любым выпадку бітва будзе “жорсткай”. Бо апошняе слова ў прыняцці дызайну формы будзе за прэзідэнтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі