Чыя зорка? Сустаршыня Партыі БХД абвінавачвае "Гавары праўду" у крадзяжы

Чыя зорка? Сустаршыня Партыі БХД абвінавачвае "Гавары праўду" у крадзяжы

Сустаршыня "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" Віталь Рымашэўскі абвінавачвае грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду" у крадзяжы лагатыпу. На пячатцы ГП выяўлена васьміканцовая зорка. Гэты ж сімвал ужо больш за 10 гадоў выкарыстоўвае БХД. 

Рымашэўскі сцвярджае, што сімволіка хрысціянскіх дэмакратаў "эксклюзіўная, бо замаўлялася канкрэтнаму дызайнеру. І у такім выкананні нідзе, апроч як партыяй БХД не выкарыстоўвалася". А ў "Гавары праўду", "відаць, з крэатывам зусім стала кепска".

Чыя зорка? Сустаршыня Партыі БХД абвінавачвае "Гавары праўду" у крадзяжы

Сустаршыня ГП Таццяна Караткевіч у размове з Еўрарадыё абвяргае абвінавачанні:

"Гэта не лагатып "Гавары праўду", а проста пячатка. Калі ты яе замаўляеш, табе прапаноўваюць варыянты. І ты выбіраеш. Гэта прыдумляюць у самой фірме, там над гэтым працуюць дызайнеры".

Па словах Таццяны Караткевіч, "Гавары праўду" толькі распачынае распрацоўку сваіх сімвалаў. Нядаўна кампанія атрымала рэгістрацыю ў Мінюсце, таму неўзабаве яе чакае рэбрэндынг.

Спрэчкі наконт сімволікі сустаршыня ГП лічыць абсалютна лішнімі.

"Так можна і "Пагоню" прыватызаваць. І крычаць: "Не, гэта наша!" Гэта такі мястачковы падыход. А трэба думаць глабальна: чым больш будзе беларускай сімволікі, тым больш яна будзе пранікаць туды, дзе яе зараз няма".

Крыху пазней Віталю Рымашэўскаму адказаў яшчэ адзін кіраўнік "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў:

Чыя зорка? Сустаршыня Партыі БХД абвінавачвае "Гавары праўду" у крадзяжы

"Гэты сімвал быў у адкрытым каталозе прадпрыемства "Сальвіна", што робіць пячаткі. Таму наконт "эксклюзіўнай апрацоўкі" казаць недарэчна. З усіх магчымых малюнкаў толькі два было нацыянальных: зорка і арнамент з дзяржаўнага сцяга. Зразумела, мы выбралі зорку, якая для нас найперш нацыянальны сімвал, а не партыйны. Даруй, пра БХД мы нават не ўзгадалі — думалі глыбей".

Пасля гэтага каментару Рымашэўскі прынес "Гавары праўду" прабачэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі