Мінюст зарэгістраваў грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду"
![Мінюст зарэгістраваў грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/dzmitryjeu-1605.jpg.webp?itok=y5cvlmkO)
Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду", перадае прэс-служба арганізацыі.
Мэтамі дзейнасці грамадскага аб'яднання называюцца спрыянне пабудове ў Беларусі сістэмы дзяржаўных адносін, якія забяспечваюць эфектыўнае развіццё рынкавай эканомікі ва ўмовах моцнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва; аб'яднанне грамадзян для сумеснай даследча-асветніцкай дзейнасці ў сферы палітыкі, эканомікі, сацыяльных і гуманітарных адносін; фармуляванне і давядзенне да дзяржаўных органаў і грамадска-палітычных інстытутаў кансалідаванага меркавання грамадзян, паведамляе tut.by.
Грамадская кампанія "Гавары праўду" спрабавала атрымаць афіцыйную рэгістрацыю сем гадоў. Першыя спробы адбываліся яшчэ пры кіраўніцтве экс-кандыдата ў прэзідэнты паэта Уладзіміра Някляева. У 2015 годзе Някляеў выйшаў з аб'яднання, абвінаваціўшы кіраўніцтва арганізацыі ў сувязях са спецслужбамі. На цяперашні час у "Гавары праўду" два лідары — Андрэй Дзмітрыеў і экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч.