Чыноўнікі перасаджваюцца на "Лады", "Нівы" і "Саманды" і рамантуюць старыя іншамаркі

Месяц чыноўнікі дысцыплінавана аб’яўляюць тэндары на закупку службовых аўто ў межах 25 тысяч еўра. Толькі Галоўнаму статыстычнаму ўпраўленню Магілёва ніякі прэзідэнцкі ўказ — не ўказ. Ім патрэбны аўтамабіль за 280 мільёнаў рублёў, а гэта трошкі болей за 25 тысяч еўра. 
 
“Мы нічога не лічылі, нам выдзелілі столькі грошай”, — апраўдваюцца ў Магілёве. Нават Генеральная пракуратура купляе службовыя аўто танней —  6 машын прыкладна па 130 мільёнаў рублёў кожная.
 
“Прэзідэнцкі ўказ ведаем, таму і працуем з прапановамі да 25 тысяч еўра”, — кажуць Еўрарадыё ў Зэльвенскім райвыканкаме. Старшыня райвыканкама мае "мэрс" 2000 года выпуску, той ужо ад’ездзіў сваё.
 
“Toyota Camry купляем, бачылі ў інтэрнэце, што машына прыкладна столькі каштуе”, — спасылаюцца ў Зэльве. Яны гуляюць амаль на ўсе 25 тысяч еўра — выдаткоўваюць з мясцовага бюджэту 272 мільёны. Але гэта не ўсё:  фінансавы аддзел Зэльвенскага райвыканкама недзе знайшоў яшчэ 200 мільёнаў рублёў на набыццё аўтамабіля і для сваіх фінансістаў.
 
Гартаю сайт дзяржзакупак і са здзіўленнем заўважаю, што чыноўнікі збольшага пачалі выбіраць звычайныя бюджэтныя аўтамабілі: праз аднаго купляюць "Лады", "Нівы", Renault, а таксама беларускай зборкі Samand і Geely.
 
Дарэчы, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Докшыц прынцыпова купляе аўтамабіль беларускай зборкі. Высвятляецца, не па сваім жаданні:
 
“Нас, можна сказаць, абмежавалі нават у выбары — толькі беларускага вытворцы. Мы, безумоўна, можам і не беларускага вытворцы аўтамабіль замовіць, і расійскага ці яшчэ якога, але тут, асабіста кажучы, выбар невялікі — ці Samand, ці Geely гэты. Geely ўвогуле ніякая машына, ну выбралі Samand”.
 
Аўтамабіль у Докшыцах купляюць за 16 тысяч долараў.
 
А вось у Мікашэвічах набываюць звычайную Chevrolet Niva, не таму што ёсць прэзідэнцкі ліміт, а з практычнага разліку. Ніякіх табе іншамарак і дутых "бэхаў".
 
“Для нас гэта вельмі дарагі аўтамабіль! Пра прэзідэнцкі ўказ ведаем, пра ліміт — нам давялі ўсё. Але адно што нам трэба аўтамабіль высокі! У нас была паводка сёлета, дык старшыня праехаць не мог нідзе на старой машыне. Бралі ў ЖКГ”, — кажуць тут і дадаюць, што мо і купілі б машыну таннейшую, але каб была высокай. Вось я разумею — палеская практычнасць! 
 
“Сядзім на мяшку з грашыма, а самі жабракі!” — смяюцца ў фінансавым аддзеле Гродзенскага райвыканкама. Кажуць, што з рэспубліканскага бюджэту шасці раёнам Гродзенскай вобласці выдзелілі па 200 мільёнаў на закупку аўтамабіляў. Цікава, што фінансавы аддзел Уздзенскага райвыканкама Мінскай вобласці купляе такі ж аўтамабіль, але на 30 мільёнаў даражэйшы. 
 
“Збіраемся купляць Renault Duster. Ён нам патрэбен для начальніка ўпраўлення, па раёне ездзіць”, — адзначаюць у гарвыканкаме. Кажуць, што ў старшыні райвыканкама аўто круцейшае, хоць назваць марку аўтамабіля не могуць. 
 
Усяго ж на сайце дзяржзакупак за месяц з моманту набыцця моцы прэзідэнцкага ўказу № 119 было аб’яўлена амаль сто аўкцыёнаў ад  дзяржаўных арганізацый, абл-, рай- і гарвыканкамаў. Калі ўсе купяць заяўленыя аўтамабілі, гэта пацягне больш як на… 16 мільярдаў рублёў.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі