Чыноўнікі патлумачылі, чаму ссеклі дрэвы ў парку Горкага насуперак дамове

У мінскім Цэнтральным дзіцячым парку 5 сакавіка мусілі высекчы дзве ліпы і адну бярозу замест 28 дрэў, як збіраліся ад пачатку. Але насуперак гэтаму ссеклі дзве старыя вярбы каля дарожкі для раварыстаў.

“Дзве ліпы, па якіх рабілі маніторынг эколагі, не ўваходзілі ў наш дазвол, мы не можам іх ссякаць. А тыя вербы, якія ссеклі, у нас у дазволе былі. І там адна гніль і толькі два сантыметры жывога лубу. Гэта нябяспечна!”, — тлумачаць Еўрарадыё у адміністрацыі “Гарадскіх паркаў Мінскзеленбуда”, чаму парушылі дамову з грамадскасцю.

Канфлікт вакол парка разгарэўся ў студзені, калі 28 старых дрэваў пазначылі жоўтымі крыжамі: збіраліся ссекчы. Але грамадскасць выступіла супраць, таму прыйшлі да кампрамісу: ссекчы тры дрэвы, астатнія — даследаваць.

“Ужо незразумела, хто тут загадвае. Незалежны ляснічы ці спецыялісты з батанічнага сада і з Акадэміі — гэтыя людзі былі ў камісіі, якая даследавала дрэвы. Для таго, каб усё прайшло добра, трэба было, каб эколагі рабілі маніторынг разам з нашымі спецыялістамі”, — расказваюць у адміністрацыі паркаў.

Высечка недаследаваных дрэваў — рэакцыя чыноўнікаў на дзеянні грамадскасці, тлумачыць гарадскі ляснічы Ігар Корзун. Бо чыноўнікі, хочуць паказаць, хто гаспадар.

“Гэта рэакцыя, чыноўнікі робяць жэсты таксама. Да нас шмат увагі СМІ, ім таксама хочацца нешта зрабіць, таму яны спілавалі дрэвы, якія інстытут батанікі яшчэ не даследаваў. Але канфліктаваць цяпер не трэба. Трэба з імі наладзіць працу, бо ёсць праца, якая дазволіць захаваць астатнія дрэвы. Ёсць праца па абрэзцы галля на 20-ці мерах. У парка такіх сродкаў няма”, — тлумачыць Ігар Корзун.

І дадае, што цяпер варта, каб адносіны паміж адміністрацыяй і грамадствам змякчыліся, каб захаваць іншыя дрэвы. Гарадскі ляснічы збіраецца сустрэцца з адміністрацыяй парка 10 сакавіка, каб абмеркаваць працу па абрэзцы сучкоў.

Фота - Еўрарадыё

“Зеленбуд” пра дрэвы ў парку: Трэба меткі з іх прыбраць, а то хвалююцца

Замест 28 дрэваў у мінскім парку Горкага пакуль ссякуць толькі тры (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі