Вы тут

Чыноўнікі лічаць, што начны гарадскі грамадскі транспарт не будзе запатрабаваны

Фота з архіву.

Тбілісоба, Vulica Brasil — і ўсё дапазна. І мінчане сустрэліся з праблемай, як вярнуцца дадому пасля грузінскага свята, што заканчвалася пасля поўначы. Бо ў Мінску няма аніякага начнога транспарту. Метро скараціла працоўны час і цяпер станцыі зачыняюцца ў 0:40, а не ў 01:00 як раней. На 20 хвілін! Гэта так прынцыпова?

У прэс-службе мінскага Метрапалітэна Еўрарадыё тлумачаць, што працоўны час скарочаны пасля маніторынгу: "Гэта не проста так было вырашана, што вось будзем зачыняцца пасля 0:40, — тлумачыць прэс-сакратар Андрэй Кузьмін. — Былі прааналізаваныя ўсе пасажырапатокі, асабліва пасля поўначы. У прыняцці гэтага рашэння ўдзельнічаў не толькі Метрапалітэн, але і заказчык перавозак "Сталічны транспарт і сувязь" і ўласнік прадпрыемства Мінгарвыканкам. Вырашана было скараціць час працы з-за значнага зніжэння колькасці пасажыраў".

Цікава, што метрапалітэн быццам працягвае гэты маніторынг і час закрыцця могуць перайграць.

"Метрапалітэн перайшоў на зімовы час, працягваецца прагназаванне пасажырапатоку і цалкам магчыма, што калі ён зноў будзе як раней, то можа быць прынята рашэнне пра закрыццё станцый зноў у 01:00".

Толькі не вельмі зразумела, як зачыненае метро вывучае пасажырапаток.

А што наконт наземнага грамадскага транспарту? На прадпрыемстве "Сталічны транспарт і сувязь" тлумачаць, што ноччу Мінск спіць:

"Начны транспарт мы ўжо арганізоўвалі. Былі начныя маршрутныя таксі ў Малінаўку, у Шабаны, яшчэ кудысьці. Усё зачынілася, бо былі не запатрабаваныя, — расказвае намеснік начальніка аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Аляксей Касінскі. — А тое, што там нейкія начныя мерапрыемствы адбываюцца, накшталт той жа "Vulica Brasil", або "Тбілісобы", так ёсць жа таксі, ніколі не было гэта праблемай".

Чаму б не зрабіць начны маршрут па праспекце Незалежнасці? Чыноўнік такому пытанню здзіўляецца: "Дык мы ж рабілі, па Партызанскім праспекце быў начны маршрут, але ім ніхто не карыстаўся. Чым гэта не праспект? Вядома, ёсць розніца паміж праспектам Незалежнасці і Партызанскім, але наколькі маршрут па праспекце Незалежнасці будзе карыстацца попытам?".

Начныя аўтобусы паспяхова працуюць у суседніх сталіцах: у Варшаве, Маскве, Рызе. Начныя аўтобусы ёсць і ў Вільні. Што ўжо казаць пра буйныя еўрапейскія гарады, кшталту Берліна, Будапешта або Парыжа.

Але мінскія чыноўнікі ўпэўненыя, што ў буйных гарадах большасці краін грамадскі гарадскі транспарт працуе да 23:00. “Я вывучаў досвед працы калег у Хельсінкі, Пекіне, Шанхаі. Пасля 23:00 там ездзяць на таксі. Верагодна, з гэтага года і мы будзем скарачаць час працы транспарту” — анансаваў яшчэ ў 2016 годзе ў інтэрв'ю газеце "Вячэрні Мінск" дырэктар прадпрыемства "Сталічны транспарт і сувязь" Валерый Шкуратаў.

Дык нам трэба радавацца, што ў Мінску транспарт працуе так позна?