Чыноўнікаў будуць караць за памылкі

Уладзімір Здановіч: З вялікай літары будуць пісацца Прэзідэнт, Прэм'ер і "іншыя паважаныя асобы". Над боствамі камісія, якая распрацоўвае новыя правілы беларускай мовы, пакуль думаюць. Камісія па распрацоўцы новых правілаў беларускай мовы разглядае напісанне вялікай літары. З яе будуць пісацца пасады “найвышэйшых службовых асобаў” краіны. У іх патрапілі прэзідэнт, прэм’ер міністр, старшыня Палаты прадстаўнікоў, старшыня Савета міністраў. Нагадаем, што на сёння ўсе яны пішуцца з малой літары. Старшыня камісіі па адукацыі Уладзімір Здановіч усіх пералічваць не стаў – маўляў, спіс даволі вялікі. І патлумачыў, чаму менавіта гэтыя пасады будуць пісацца з вялікай літары:

Здановіч: Гэта ж вельмі паважаныя пасады і людзі, якія на іх знаходзяцца. Некаторых выбраў увесь народ. Некаторых прызначыў прэзідэнт. Да іх сапраўды трэба адносіцца з павагай, у тым ліку ў правапісе.

З якой літары пісаць найвышэйшых бостваў пакуль не вырашылі.
Таксама спрэчным момантам было напісанне злучальнай літары ў складаных словах. Дагэтуль не прыйшлі да агульнага меркавання як павінны пісацца такія словы як "медінстытут".

Здановіч: Калі спрэчкі не будуць завершаныя і ёсць нейкія сумненні, то мы будзем кіравацца правіламі, прынятымі ў 1959 годзе.

Спадар Здановіч таксама заўважыў, што гэтыя правіла распаўсюджваюцца ў сферы афіцыйных зносінаў. Еўрарадыё зацікавілася, што чакае тых, хто парушыць новыя правілы. Бо любое парушэнне закона прадугледжвае адказнасць.

Еўрарадыё: Што будзе з чалавекам, калі ён, напрыклад, позву ў суд напіша з памылкамі?

Здановіч: Можа быць, позву вернуць. Я пакуль не ведаю, бо механізм у правілах не прапісаны. Калі ён запоўніць не так, як патрэбна, то яму параяць як паправіць.

Еўрарадыё: А калі памылкі будуць у самім бланку? Пра памылкі ў мытнай дэкларацыі на беларускай мове Еўрарадыё нават рабіла артыкул.

Здановіч: Тады панясе адказнасць той, хто яго распрацоўваў. Калі будзе вырашана, што патрэбныя нейкія меры. Магчыма, гэта будзе вымова, паніжэнне па службе.

Еўрарадыё: А хто будзе вырашаць, як пакараць той орган, які парушыў закон-правіла?

Здановіч: Магчыма, гэта будуць органы дзяржкантролю. Аднак ні ад аднаго чалавека, які працуе над гэтымі правіламі, я не чуў, што будуць уводзіцца меры пакарання. Гэта не адносіцца да кампетэнцыі нашай камісіі.

Аднак Уладзімір Здановіч не адмаўляе, што будуць выносяцца штрафы, папярэджанні.

Яны асабліва небяспечныя для перыёдыкі на тарашкевіцы ці нават наркамаўцы. Бо ўжо 2 папярэджанняў дастаткова для закрыцця выдання.

Нягледзячы на тое, што праца над новымі правіламі працягваецца, Уладзімір Здановіч спадзяецца, што закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні ўжо гэтай вясной.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі