Вы тут

Чым багата, тым і Rada: чаму Беларусь супраць забароны на продаж зброі М'янме

Вайскоўцы на танках удзельнічаюць у парадзе ў Дзень узброеных сіл у М'янме / Reuters

18 чэрвеня на Генеральнай Асамблеі ААН з 156 краін адзінай краінай, якая прагаласавала супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў М'янме, стала Беларусь. І гэта пры тым, што нават сама М'янма галасавала за, а Расія і Кітай устрымаліся — хоць і недвухсэнсава падтрымалі хунту, якая здзейсніла пераварот.

А вось Беларусь — супраць. Адразу ж гэта растлумачылі крызісам у адносінах паміж Мінскам і "калектыўным Захадам": такое вось, маўляў, пратэставае галасаванне. Але ў пазіцыі Беларусі можа быць і іншае, значна больш грунтоўнае тлумачэнне. Рэзалюцыя ААН, акрамя іншага, прадугледжвала забарону на пастаўкі зброі ў М'янму. Не будзе ж прадавец галасаваць супраць пакупніка і ўласнага бізнесу?

 

Дастаўка дадому

1 лютага ў М'янме пачаўся ваенны пераварот. Сілавікі знялі кіраўніцтва краіны і ўвялі надзвычайнае становішча. У краіне ўспыхнулі масавыя пратэсты, якія жорстка душыліся. На цяперашні момант вядома як мінімум пра 800 загінулых.

А 10 лютага м'янманскія актывісты апублікавалі фатаграфіі транспартнага самалёта прыватнай беларускай грузавой авіякампаніі Rada Airlines у аэрапорце Янгона — найбуйнейшага горада краіны. Гэта быў самалёт рэдкай мадэлі — грузавая варыяцыя Іл-62. Да 2020 года толькі ў беларускай кампаніі засталіся грузавыя самалёты такой мадэлі.

Самалёт Іл-62 прыватнай беларускай грузавой авіякампаніі Rada Airlines у аэрапорце Янгона, М'янма

Таксама актывісты апублікавалі фатаграфіі знутры самалёта. На іх рабочыя выгружаюць скрыні з невядомым змесцівам. Гэта, вядома, магла б быць гуманітарная дапамога. Але вонкава скрыні падобныя да вайсковых, у якіх перавозяць зброю.

Балканскі сувязны

У сярэдзіне лістапада 2018 года кампанію Rada Airlines падазравалі ў перавозцы зброі з Балгарыі. Турэцкі авіяспотар Юрук Ішык заўважыў, што з 8 да 15 лістапада самалёт Іл-62 пад рэгістрацыйным нумарам EW-450TR здзейсніў 7 вылетаў з Бургаса. Кожны раз ён абыходзіў турэцкую паветраную прастору і, ужо будучы над тэрыторыяй Ірана, адключаў перадатчык. Назад самалёт вяртаўся праз паветраную прастору Турцыі.

Яшчэ раней самалёт Іл-62 кампаніі Rada Airlines быў заўважаны ў Бялградзе, адкуль таксама пастаўляюцца ўзбраенні. Мясцовыя спотары запісалі відэа пагрузкі самалёта, ролік датуецца 3 лістапада.

Ваенны эксперт Ягор Лебядок лічыць, што авіякампанія Rada Airlines спецыялізуецца на пастаўках зброі. Ускосным пацвярджэннем гэтай версіі служыць факт, што да сакавіка 2021 года авіякампанія мела допуск да перавозкі небяспечных грузаў у Сербіі.

Украінец з ПАР

Цяпер кампаніяй на парытэтнай аснове валодаюць беларус Іван Нарэйка і расіянін Дзмітрый Ішчанка. Адзін займае пасаду кіраўніка, другі — фінансавага дырэктара. Нарэйка раней працаваў у іншай беларускай грузавой авіякампаніі — "Трансавіяэкспарт", дзе займаў пасаду намесніка дырэктара. Пра гэту кампанію таксама пісалі як пра перавозчыка зброі з Сербіі.

Раней, з 2016 да 2019 года, у склад уладальнікаў уваходзілі два ўкраінцы з грамадзянствам ПАР — бацька і сын Віктар і Энтані Зеленюкі. Віктар — кансультант у ПАР Украінскай авіяцыйнай транспартнай кампаніі, якая займаецца авіяперавозкамі і экспартам зброі. Яна ўваходзіць у склад ваенна-прамысловага комплексу Украіны.

Зброя для хунты

Калі паглядзець на адкрытыя звесткі пра беларускі экспарт у М'янму за 2020 і першыя чатыры месяцы 2021 года, то можна заўважыць, што агульная сума і сума экспарту ў "адкрытых" групах моцна разыходзяцца. Інакш кажучы, немалая частка паставак у М'янму была схаваная.

У лічбах гэта выглядае так. У 2020 годзе экспарт з Беларусі ў М'янму склаў $21 мільён. Але па адкрытых пазіцыях — усяго $6,7 мільёна. За першыя чатыры месяцы 2021 года было экспартавана тавараў на $4 мільёны, але па "адкрытых пазіцыях" толькі $0,76 мільёна.

Лукашэнка сустракаецца з вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі М'янмы Мін Аунг Хлаінгам

Даўняе сяброўства

Беларусь мае даўнія сувязі з ваенным істэблішментам М'янмы. У 2008 годзе, пры папярэдняй дыктатуры вайскоўцаў, была сфармавана сумесная камісія па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. На штогадовых сустрэчах абмяркоўваліся вытворчасць і продаж зброі, перадача тэхналогій і навучанне спецыялістаў.

У 2011 годзе Міхаіл Мясніковіч (тады прэм'ер-міністр Беларусі) наведаў М'янму ў перыяд кантраляванага вайскоўцамі "дэмакратычнага пераходу". А ў 2014-м м'янманскі генерал Мін Аунг Хлаінг прыехаў у Беларусь: сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, наведаў вытворчасць зброі і абмеркаваў "ваенную падрыхтоўку". У тым самым годзе М'янма стала першым пакупніком беларускага зенітна-ракетнага комплексу "Квадрат-М".

ЗРК "Квадрат-М" на ваенным парадзе, прысвечаным 71-й гадавіне Узброеных сіл М'янмы

Ужо праз год Беларусь наведала парламенцкая дэлегацыя М'янмы на чале са спікерам верхняй палаты генерал-маёрам Кхін Аунг М'інтам. На сустрэчах абмяркоўвалі продаж зброі і ваеннае супрацоўніцтва. Дэлегацыя наведала Мінскі завод колавых цягачоў, дзе вырабляюць шасі для вайсковай тэхнікі.

У 2017 годзе вайскоўцы ў М'янме пачалі карныя аперацыі і зачыстку паселішчаў рахінджа — мусульманскай меншасці. Тады ж адбылося чарговае пасяджэнне сумеснай камісіі, дзе Беларусь прапанавала супрацоўніцтва "па шырокім спектры кірункаў, уключаючы рамонт і мадэрнізацыю ўзбраення і вайсковай тэхнікі".

А апошняя двухбаковая сустрэча адбылася ў лютым 2020 года, калі дэлегацыя камандавання ППА М'янмы наведала Беларусь для абмеркавання сумесных праектаў.

Але не адной ваеннай дапамогай беларускія ўлады праяўляюць сваю добразычлівасць да вайскоўцаў, якія захапілі ўладу. У час крывавага дзяржаўнага перавароту дзяржаўныя медыя Беларусі публікавалі прапагандысцкія матэрыялы ў падтрымку хунты, малюючы мірных пратэстоўцаў экстрэмістамі, якія ледзь не вядуць партызанскую вайну і штурхаюць краіну да грамадзянскай вайны. Знаёма, ці не праўда?

 

Сербскі пастаўшчык

Акрамя цеснага супрацоўніцтва з Беларуссю, у М'янмы даўнія сяброўскія адносіны з Сербіяй. М'янманскае выданне The Irrawaddy са спасылкай на свае крыніцы ў дзелавых колах паведамляе, што ў 2021 годзе рыхтуецца спецыяльная дэлегацыя ў Сербію. У яе склад увойдуць высокапастаўленыя чыноўнікі з Міністэрства абароны, а таксама некаторыя бізнесмены, якія ўсталявалі адносіны з Сербіяй.

Мэта — заручыцца падтрымкай буйных вытворцаў вайсковай тэхнікі. М'янма пастаянны пакупнік сербскай зброі з 1950-х гадоў.

А хто возіць зброю з Сербіі ў М'янму? Ці не беларускія грузавыя авіякампаніі?

 

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце маім падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.