Вы тут

Чудзянцоў не прызнае абвінавачванняў у сексуальным гвалце: "Абсалютная лухта"

Уладзімір Чудзянцоў, фота з асабістага архіва

Адвакат Аляксандр Галіеў не пацвярджае, што Следчы камітэт пачаў праверку ў дачыненні да ўладальніка сайта by24.org Уладзіміра Чудзянцова. У размове з Еўрарадыё абаронца Чудзянцова ўдакладніў, што пра праверку даведаўся са СМІ, афіцыйнага паведамлення з СК пакуль не было.

Па звестках TUT.by, праверку праводзяць віцебскія следчыя. Яна пачалася пасля таго, як "Наша Ніва" апублікавала інтэрв'ю з чалавекам, які называе сябе ахвярай Чудзянцова.

"Уладзіміра я пазнаёміў з гэтым артыкулам, ён адрэагаваў [на гэтыя абвінавачванні] так: "Абсурд і абсалютная лухта", — сказаў Еўрарадыё Аляксандр Галіеў.

У Следчым камітэце Еўрарадыё пакуль не пацвердзілі інфармацыю пра пачатак праверкі.

Зараз Чудзянцоў знаходзіцца ў СІЗА ў Брэсце. 21 лістапада брэсцкія мытнікі знялі Уладзіміра Чудзянцова з цягніка, які ехаў у Польшчу. На мяжы ў яго ў сумцы была знойдзена марыхуана. У той жа дзень у яго кватэры праваахоўнікі знайшлі яшчэ два пакеты з нейкім рэчывам.

Па словах адваката, Чудзянцоў віны не прызнае і лічыць, што наркотыкі яму падкінулі. Сваё затрыманне ён звязвае з супрацоўніцтвам з блогерам NEXTA — Сцяпанам Святловым, які вучыцца і працуе ў Польшчы.

Уладзімір Чудзянцоў займаецца журналістыкай з 1990-х. Спачатку — пралукашэнкаўскай прапагандай. З цягам часу ён пайшоў з дзяржаўных СМІ, змяніў прозвішча і ўладкаваўся журналістам на TUT.by. Пасля скандалу звольніўся і заснаваў сайт by24.org, заняў радыкальную антырасійскую пазіцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.