Чатыры акругі, за якімі будзе цікава сачыць падчас падліку галасоў

Чатыры акругі, за якімі будзе цікава сачыць падчас падліку галасоў

Зняцце кандыдатаў, асабліва праўладных, з выбарчага марафону стварае даволі цікавыя камбінацыі. Калі ўжо нават і не скажаш з ходу, хто з найбольшай імавернасцю атрымае дэпутацкі мандат.

1. Магілёўская выбарчая акруга №88

Пасля таго як з выбараў знялася намесніца дырэктара Кадзінскай сярэдняй школы Наталля Тарасенка, барацьбу за ганаровае званне “народнага абранніка” тут працягваюць апазіцыянеры Дзмітрый Люнтаў з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аляксандр Ірхо са “Справядлівага свету”, Мікалай Мяцеліца з Партыі БНФ, Уладзімір Шанцаў з АГП, прадстаўнік “канструктыўнай апазіцыі” Анатоль Хішчанка з ЛДПБ і сябра праўладнай Беларускай патрыятычнай партыі, просты кіроўца Аляксандр Какарэнка, на якога наўрад ці робяць стаўкі.

“Цуду не будзе, — адразу расчароўвае сябра Партыі БНФ Мікалай Мяцеліца. — Хішчанка Анатоль Пятровіч, намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, які жыве ў горадзе Мінску, — гэта, на маю думку, наш будучы дэпутат”.

Калегу падтрымлівае кандыдат ад “Справядлівага свету” Аляксандр Ірхо. Больш за тое, па словах Аляксандра, ён мае інфармацыю, што “дабро” на вылучэнне Анатоля Хішчанкі па іх акрузе прымалася ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Аляксандр Ірхо: “Пра гэта мне казалі супрацоўнікі аграгандлёвай фірмы “Дняпро”, якія яго і вылучалі кандыдатам. Па іх словах, ім зверху прыйшоў загад вылучыць Хішчанку ад працоўнага калектыву. На самай справе ў раёне гэтага чалавека не ведаюць, бо ён з Мінска”.

Вось такая нечаканка. З іншага боку, цяпер зразумелая прычына ўпэўненасці, з якой намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч кажа ў эфіры Еўрарадыё, што яны разлічваюць атрымаць ад 3 да 10 дэпутацкіх мандатаў. Тым не менш цікава паназіраць, як людзі прагаласуюць за незнаёмага ім чалавека.

2. Сеніцкая выбарчая акруга №76

Тут сышліся сябра Партыі БНФ Ілья Дабратвор і лідар праўладнай партыі, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч. Чым скончыцца? Асабіста мне цікава паглядзець ― ці з’явіцца ў Авальнай зале казацкі атаман.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што ніякіх падстаў “прапускаць” апазіцыю ў парламент ва ўладаў сёння няма.

“Склалася такая міжнародна-палітычная сітуацыя, што цяпер дыялог з Еўрапейскім саюзам і так ідзе, а ўнутрыпалітычная сітуацыя не патрабуе нейкага такога прадстаўніцтва (апазіцыі ў парламенце — Еўрарадыё)”, — мяркуе эксперт.

А калі ўлады і рыхтуюцца да нейкіх касметычных рэформаў ці прыватызацыі, то ім патрэбны будзе цалкам падкантрольны парламент, які будзе без пытанняў галасаваць нават за непапулярныя законапраекты ад улады, упэўнены Мельянцоў.

Тым не менш цалкам імавернасць з’яўляення прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у новым парламенце палітолаг не выключае. Што праўда, кажа пра прадстаўнікоў “памяркоўнай апазіцыі”.

Дзяніс Мельянцоў: “Цяпер з такіх людзей можна назваць, да прыкладу, Алену Анісім, якая будзе ў парламенце выступаць за наданне большай вагі беларускай мове, за незалежнасць — тое, што ўлада і так збольшага робіць. Гэта можа быць Таццяна Караткевіч, якая вельмі канструктыўная ў сваіх выступах. І ёсць яшчэ такі цікавы варыянт — Васіль Астроўскі, які ідзе ад Партыі БНФ. Ён не так даўно ўступіў у партыю, бізнесмен. І гэта была б досыць цікавая гульня, калі б ад Партыі БНФ прайшоў прадстаўнік, але потым казаў бы пра нейкія бізнес-справы і гэтак далей”.

3. Кастрычніцкая выбарчая акруга №97

Менавіта там балатуецца ў дэпутаты парламента лідар кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. Палітык стала вядомая выбаршчыкам пасля ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Шэраг экспертаў і аналітыкаў кажа, што ў яе вялікія шанцы атрымаць дэпутацкі мандат. Тым не менш на акрузе Таццяны ёсць іншы моцны прэтэндэнт на дэпутацкае крэсла — начальнік станцыі “Мінск-Пасажырскі” Аляксандр Дрожжа.

4. Дамброўская выбарчая акруга №103

Ад Партыі БНФ там змагаецца за мандат Віталь Астроўскі. Самы відавочны яго канкурэнт — старшыня Фрунзенскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага аб’яднання “Белая Русь” Віталь Місявец.

Ну і бонусам — Дзятлаўская выбарчая акруга №56. Там супраць намесніка міністра ўнутраных спраў Валянціна Міхневіча ідзе мясцовы пракурор Віталь Заяц. Канечне, можна казаць, што вынік гэтага супрацьстаяння прадказальны, але паназіраць будзе цікава.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі