Вы тут

Чатыром палітвязням вынеслі прысуд за ўзлом камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама

Яшчэ чатыром палітвязням вынеслі прысуды

У судзе Заводскага раёна Мінска 28 студзеня агучылі прысуды чатыром палітвязням, якіх судзілі па абвінавачанні ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама. 

Як паведамляюць праваабаронцы, братоў Кіма і Аляксея Самусенкаў асудзілі на 6,5 і 4 гады калоніі агульнага рэжыму адпаведна, Паўла Дразда і Івана Андрушойця — на 3,5 года калоніі кожнага. 

Іх вінавацілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах);
арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
арт. 350 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі);
арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй);
арт. 354 (выкарыстанне шкоднасных камп'ютарных праграм).

32-гадовага заснавальніка і сябра Рады грамадскага руху "Дзея" Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада 2020 года. Дома ў яго адбыўся жорсткі ператрус, які суправаджаўся стрэламі ў доме і ўжываннем фізічнай сілы. Сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і яго жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, БЧБ-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі ды іншае. 

Праз два дні затрымалі брата Кіма — 33-гадовага Аляксея Самусенку. Пазней па гэтай справе затрымалі Паўла Дразда і Івана Андрушойця.

Абвінавачанне заяўляла, што Кім Самусенка атрымаў несанкцыянаваны доступ да камер відэаназірання на вуліцах сталіцы, а таксама да камп'ютарных сістэм Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама і мінскай міліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.