Чароўны трусiк не разагрэе The Prodigy

БТ “аберагла” Юру Дземідовіча ад выступу на адной сцэне з вядомым брытанскім гуртом, спасылаючыся на правілы "Еўрабачання" Пра адмену выступу Еўрарадыё паведаміў мастацкі кіраўнік "чароўнага кроліка" Ўладзімір Глушакоў:

Еўрарадыё: Не пагадзіўся?
Глушакоў: Не!
Еўрарадыё: А чаму?
Глушакоў: Усе дэталі — у прэс-службе Белтэлерадёкампаніі, там падрабязная справаздача ёсць.

Прыкладна тыдзень таму Белтелерадыёкампанія, з якой “трусік” зараз павінен узгадняць усе свае дзеянні, заяўляла, што пытанне пра ўдзел Юрыя Дземідовіча ў канцэрце The Prodigy знаходзіцца ў стане разгляду. Хлопчык зможа выступіць, калі не будуць супраць яго бацькі, мастацкі кіраўнік і сам выканаўца.

Але ад ўдзелу ў канцэрце хлопчыка “аберагла” менавіта Белтэлерадыёкампанія, спасылаючыся на дадатак 1.2 да правілаў дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2009". Кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская растлумачыла Еўрарадыё, што здарылася:

Святлана Смалонская-Краскоўская: “У дадатку да правілаў дзіцячага конкурсу дакладна прапісана, што ўдзельнік-вяшчальнік павінен гарантаваць, што юныя выканаўцы не будуць інтэнсіўна прыцягвацца да ўдзелу ў камерцыйных праектах, такіх як прома-туры, канцэрты і г.д. А паколькі канцэрт The Prodigy — гэта камерцыйнае мерапрыемства, то, адпаведна, мы не павінны парушаць гэтыя ўмовы”.

Такім чынам, Белтэлерадыёкампанія вырашыла падстрахавацца і не падстаўляць  Беларусь пад дыскваліфікацыю. Да таго ж, згадвае Святлана Смалонская-Краскоўская, Беларусь ужо мела падобны негатыўны досвед на дарослым конкурсе “Еўрабачання” пару гадоў таму.

Святлана Смалонская-Краскоўская: “Інакш мы, як вяшчальнікі "Еўрабачання", можам быць адхіленыя ад удзелу ў гэтым конкурсе. Канечне ж, мы ўлічылі меркаванні і пажаданні самога Юрыя і яго творчага тандэма. Але вырашылі, што дзеці не павінны прыцягвацца да падобных камерцыйных працэсаў, а маглі спакойна рыхтавацца да свайго мерапрыемства”.

Кампанія "Ультразвук", якая арганізоўвае выступ брытанскага гурта, выказала засмучэнне тым, што Юру Дземідовічу не ўдасца выступіць на абвешчаным канцэрце.

Нагадаем, канцэрт славутага брытанскага  гурта ў Мінску прызначаны на 5 кастрычніка ў рамках фэсту UltraMusicFestival. На цяперашні момант засталося каля 14 тысяч квіткоў. Арганізатары спадзяюцца, што на "Дынама" прыйдуць 30-35 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі