Чарнагорыя не ўвядзе візы для беларусаў

Але каб праехаць за мяжу, нашым турыстам давядзецца паказаць запрашэнне, турыстычны ваўчар або забраніраваць гатэль. Уводзіць візы пакуль не збіраецца і Сербія. Чарнагорыя захавае бязвізавы рэжым з Беларуссю. Нагадаем, у сувязі з абавязкамі балканскай краіны перад Еўрасаюзам візы для беларусаў планавалася ўвесці яшчэ напрыканцы сакавіка гэтага года. Потым па прапанове нашага боку гэтае рашэнне адклалі да 1 кастрычніка.

Тым часам Беларусь і Чарнагорыя падрыхтавалі новае пагадненне. Паводле яго, візы нам не спатрэбяцца. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў беларускім консульстве ў Сербіі.

Супрацоўнік консульства: “Тое пагадненне, якое ўжо падрыхтавана па выніках беларуска-чарнагорскіх консульскіх нарадаў, дазваляе нам казаць аб тым, што рэжым паездак грамадзян будзе максімальна ліберальны”.

Аднак беларусаў чакаюць і пэўныя новаўвядзенні. Чарнагорскім памежным службам трэба будзе пацвердзіць мэту прыезду. Пацвярджэннем можа быць запрашэнне, турыстычны ваўчар або забраніраваны гатэль. Больш падрабязнасцяў стане вядома пасля падпісання афіцыйнага пагаднення.

Тым часам Еўракамісія прапанавала ўрадам Македоніі, Сербіі ды Чарнагорыі адмяніць візавы рэжым з Еўрасаюзам. Дзеля гэтага яны павінны палепшыць сістэму пашпартных забеспячэнняў, узмацніць памежны кантроль, больш эфектыўна змагацца з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю ды шанаваць асноўныя правы.

Македонія ўжо выканала неабходныя ўмовы, а вось Сербія і Чарнагорыя павінны зрабіць гэта ў бліжэйшым часе. Тады бязвізавы рэжым пачне дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2010 года.

Еўрарадыё зацікавілася, ці закрануць у сувязі з гэтым візавыя змены і грамадзян Беларусі, якія збіраюцца наведаць балканскія краіны.

У беларускім консульстве ў Сербіі нас запэўнілі, што візы ў гэтую краіну нам па-ранейшаму не будуць патрэбныя:

Супрацоўнік консульства: “На апошніх консульскіх кансультацыях, якія праводзіліся ў красавіку, сербскі бок адназначна пацвердзіў, што для грамадзян Беларусі ўсё застаецца нязменным”.

Сербскія ўлады пакуль не збіраюцца змяняць пагадненне, падпісанае ў 1999 годзе з Югаславіяй. Паводле яго, грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Сербіі да 30 дзён без візы.

А вось Македонія ніякіх новаўвядзенняў для нас не рыхтуе. Каб наведаць гэтую краіну, беларусам па-ранейшаму патрэбная віза або турыстычны ваўчар, які яе замяняе, — кажуць у македонскім консульстве ў Маскве:

Супрацоўніца консульства: “У нас нядаўна былі консульскія кансультацыі. Пакуль дзейнічае пагадненне 1989 года, і ніякіх новых момантаў пакуль няма”

А вось іншым балканскім краінам — Албаніі, Босніі ды Герцагавіне і Косава — Еўрасаюз адмяняць візы пакуль не збіраецца. Еўрачыноўнікі кажуць, што яны яшчэ не выканалі неабходных умоваў. Аднак і ў гэтых краінаў ёсць шанец змяніць сітуацыю: еўракамісія паабяцала паўторна разглядзець іх пытанне ў сярэдзіне 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі