Вы тут

Чаму гавораць пра Качанаву-пераемніцу і ці варта чакаць транзіту ўлады

Аляксандр Лукашэнка / Serge SerebroVitebsk Popular News

Размовы пра пераемніка — інфармацыйныя ўкіды, лічыць палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. І зазначае, што гэтыя ўкіды паступалі і ад самога Аляксандра Лукашэнкі, цяпер жа іх тыражуюць тэлеграм-каналы.

“Пра пераемніка гаварыць зарана. Я думаю, зараз гэты сцэнар не разглядаецца ўсур’ёз, ідуць толькі ўкіды. Прытым гэтыя ўкіды ідуць не толькі праз медыя. Сам Лукашэнка неаднойчы казаў: вось, у нас Наталля Качанава ёсць [на ролю кандыдата ў прэзiдэнты. — Еўрарадыё]. Гэтыя ўкіды — намаганне стварыць інфармацыйную заслону і ўражанне, што нейкі транзіт у Беларусі плануецца. Ён магчымы, трэба толькі крыху пачакаць”, — лічыць Кузняцоў.

Але суразмоўнік Еўрарадыё мяркуе, што самому Лукашэнку ніякі транзіт не патрэбны, бо ён добра сябе адчувае ў той сітуацыі, што склалася цяпер. Як мінімум да наступных прэзідэнцкіх выбараў пра пераемніка ўсур’ёз гаварыць не варта.

А калі ўсё ж будзе пераемнік, дык кандыдатура Качанавай выглядае цалкам слушна, лічыць Кузняцоў:

“У пэўным сэнсе адна са спецыфічных рысаў кіравання Лукашэнкі ў тым, што ён абапіраецца на сілавікоў і на жанчын. Ён ім давярае, і я думаю, гэта працуе чыста псіхалагічна, і яны таксама яму цалкам давяраюць, дзякуючы сур’ёзнай харызме гэтага палітыка”.

Таму Кузняцоў лічыць, што цалкам лагічна, калі б для транзіту разглядалася менавіта такая кандыдатура. Тым больш што досвед Казахстана паказаў, што нават самы лаяльны пераемнік у выніку можа аказацца нелаяльным.

“У гэтым кантэксце натуральна, што цягнуць з пераемнікам будуць як мага доўга. Але калі давядзецца ісці на аперацыю “Пераемнік”, пачаць можна будзе з такой асобы”.

Поўная версія размовы з Пятром Кузняцовым

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.