Чаму ў прызыўнікоў здымаюць адбіткі пальцаў?

Дактыласкапія дапамагла міліцыянтам Барысава знайсці
злачынцаў сярод прызыўнікоў – паведаміў “Барысаўскі інфарматар”. Еўрарадыё вырашыла
даведацца, на якіх падставах здымаюць адбіткі
пальцаў у беларускіх грамадзян. У барысаўскім
ваенкамаце
высветлілася, што такім спосабам знаходзяць злачыцаў не толькі сярод прызыўнікоў, але і сярод афіцэраў:

- У нас сярод шмат якіх афіцэраў знайшлі. Калісьці, дзесьці
ў маладосці яны былі ў вышуку. Гэта я маю на ўвазе ў ваенных частках.

А ўсе навабранцы, якія
праходзяць абавязковую ваенную службу таксама павінны зрабіць адбіткі пальцаў
пасля праходжання медагляду:

- Адбіткі пальцаў абавязковыя. Ужо мабыць трэці прызыў мы
гэта робім. Раней не правяралі, але
зараз, калі годны - павінен пальцы адкатаць. Калі вы будзеце годным, вам
выдадуць накіраванне на дактыласкапію, – распавяла супрацоўніца Ленінскага раённага
ваенкамата Мінска.

Сапраўды, закон “аб
дактыласкапіі” быў прыняты яшчэ ў 2003 годзе. У канцы 2004 года прэзідэнцскім
указам былі вызначаны выпадкі яго мэтавага ўжывання.

Згодна з указам дактыласкапія
бывае добраахвотная і прымусовая. Абавязкова здымаць адбіткі з пальцаў павінны
вайскоўцы, супрацоўнікі МДВ, падатковых мытных ворганаў, а таксама экіпажаў
самалётаў.

Супрацоўнік
міністэрства унутраных спраў адказаў Еўрарадыё, што абавязкова таксама здымаюць
адбіткі ў злачынцаў ці падазраваных у правапарушэннях адміністратыўнага і
крымінальнага кодэксаў:

- Калі затрыманы за злачынства ці адміністрацыйнае
правапарушэнне, калі сведка ўказвае, што недзе здзейснілі злачынства. Калі вы,
напрыклад, знаходзіліся ў кватэры, дзе
адбыўся крадзёж. Натуральна, нашы здымаюць адбіткі, каб высветліць дзе
злачынца, а дзе іншыя, ва ўсіх, хто знаходзіўся там. За дробнае хуліганства ў
вас дакладна здымуць адбіткі пальцаў.

Юрыст
праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч удакладніў выпадкі, у якіх
грамадзянін абавязаны рабіць даваць адбіткі пальцаў, а ў якіх - не.

- Прымусовая дактыласкапія магчымая ў двух выпадках. Калі
асоба здзейсніла ці падазраецца ў крымінальным злачынстве. І другі выпадак:
калі асоба здзейсніла адміністрацыўнае правапарушэнне, але такое за якое
прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Ва усіх іншых выпадках прымусовая
дактыласкапія не можа і не павінна праводзіцца. У нас гэты закон паўсюдна
парушаецца прадстаўнікамі міліцыі, якія пры любой нагодзе здымаюць адбіткі пры
адсутнасці пратаколаў і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

У выпадку калі
чалавек не з’яўляецца правапарушальнікам, а толькі сведкам, даваць свае адбіткі
пальцаў ён можа толькі па сваім жаданні. дадае юрыст.