Чаму на 2 гадзіны ў Беларусі адключылі інтэрнэт?

На “Белтэлекаме” наракаюць на маршрутызатар, у “Белпаку” кажуць пра праблемы са знешнім шлюзам, а па неафіцыйнай інфармацыі — праблема была ў тым, што самы кампетэнтны інжынер цяпер у адпачынку і выправіць непаладкі няма каму.
Аб 11-й гадзіне ва ўсёй Беларусі знік інтэрнэт. Даступнымі засталіся толькі сайты, што хосцяцца на пляцоўках у нашай краіне, а таксама Skype і пошта. У той жа час, некаторыя беларускія сайты былі не даступныя з еўрапейскага накірунку. Як паведамілі Еўрарадыё ў кампаніі-правайдары “Атланттэлекам”, праблема была створана з боку "Белпака". "Белпак" праблему прызнае, але пакуль не каментуе сітуацыю.

"Праблема са знешнім шлюзам пакуль ёсць. Ну, гэта на баку Расіі, хутчэй за ўсё. Пакуль высвятляем. Але праблемы ёсць і на еўрапейскім кірунку, Расія хутчэй за ўсё паўплывала. Пакуль нічога сказаць не магу. Гэта канфідэнцыйная інфармацыя."

Прэс-сакратар "Белтэлекама" Аляксей Федарынчык распавёў, што праблема ўзнікла з маршрутызатарам:

"Узніклі праблемы з маршрутызатарам, які забяспечвае доступ аператараў на замежныя рэсурсы. Зараз вядуцца працы, у бліжэйшы час я думаю ўсё адновіцца. Праз які час не магу сказаць, там трэба перагружаць усю сістэму".

Як паведамляе сайт electroname.com, адзіны кампетэнтны супрацоўнік "Белпака", інжынер Бальшакоў цяпер у адпачынку і выправіць непаладкі проста няма каму.

Прыкладна, а 13-й гадзіне інтэрнэт у Беларусі з’явіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі