Чаму крэдыты шкодзяць беларускай эканоміцы?

Беларусь разлічвае на падтрымку Сусветнага банка пры абмеркаванні дарожнай карты з Міжнародным валютным фондам. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў выказаў надзею, што супрацоўніцтва з міжнароднай фінансавай арганізацыяй будзе развівацца. Цяпер актыўна прапрацоўваецца праект, накіраваны на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

“Праекты Сусветнага банка ў сферы дарожнай інфраструктуры, развіцця сістэмы водазабеспячэння, абыходжання з цвёрдымі бытавымі адходамі, павышэння энергаэфектыўнасці з'яўляюцца вельмі важнымі і выгаднымі для нас. Акрамя таго, цяпер актыўна прапрацоўваецца праект, накіраваны на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Мы вельмі зацікаўлены ў рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання фінансамі”.

Якія крэдыты прасіла Беларусь апошнім часам і што атрымала?

Яшчэ падчас прэс-канферэнцыі для беларускіх СМІ 29 студзеня Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь разлічвае на атрыманне апошняга траншу стабілізацыйнага крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, а таксама на падтрымку Расіі. Але транш памерам у 440 мільёнаў долараў затрымліваюць, бо Беларусь не выканала 10 з 14 паказчыкаў стабілізацыйнай праграмы, у тым ліку 5 кантрольных!

На значны крэдыт разлічваў афіцыйны Мінск і ад МВФ, місія працавала ў Беларусі з 5 па 16 сакавіка. Урад нават падрыхтаваў праграму рэформаў у эканоміцы. Дакладную суму ніхто не агучваў, але місія МВФ паехала і разам з ёй — надзея на дадатковыя крэдытныя займы.

У Расіі мы планавалі пазычыць каля 2,5 мільярдаў долараў. Але атрымалі толькі 110 мільёнаў. Трохі прамахнуліся.

Старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб тлумачыць, чаму Беларусі не варта ні прасіць, ні браць новыя фінансавыя абавязацельствы:

“Праблемы беларускай эканомікі абумоўленыя не недахопам грошай, а дрэннай структурай і неэфектыўнасцю нашай эканомікі. Прычым нейкія крокі па паляпшэнні эфектыўнасці можна зрабіць і без заёмных сродкаў”.

Па меркаванні аналітыка, для першых крокаў дастаткова аддаваць якія-небудзь прадпрыемствы ў прыватныя рукі.

“Прыватнікі будуць павышаць эфектыўнасць перш за ўсё за кошт пазбаўлення іх ад нейкіх сацыяльных мэтаў. Калі проста трымаюць народ, які нічога не робіць, і плацяць яму заробак, гэта няправільна. Прадпрыемства пачне працаваць эфектыўна, бо ў гэтым зацікаўлены гаспадар”.

Пры гэтым аналітык упэўнены, што для Беларусі карысныя крэдыты пад канкрэтныя мэты — да прыкладу, на рэканструкцыю дарогі ці на будаўніцтва АЭС.

Але частка крэдытаў даецца без мэтаў, да прыкладу, для папаўнення золатавалютных рэзерваў. Такія сродкі не толькі не дапамагаюць нам, але і шкодзяць.

“Замежныя крэдыты дазваляюць нічога не змяняць у эканоміцы, не змяняць яе эфектыўнасць, дазваляюць існаваць у старой форме. Бярэцца крэдыт і праядаецца, і гэтак пастаянна. Самі па сабе крэдыты не толькі не гарантуюць эфектыўную працу эканомікі, але і не даюць рухацца далей. Беларусам трэба даць вуду, а не рыбу”, — выпісвае рэцэпт аналітык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі