Чаго на выбарах скаргамі дамагліся назіральнікі?

Міжпартыйны каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2015” Алег Аксёнаў кажа, што ў Магілёве незалежныя назіральнікі штодня падавалі скаргі на адрас участковых і раённых камісій, калі бачылі, што, на іх думку, парушаецца выбарчае заканадаўства.

"Было некалькі выпадкаў, калі звароты ў ЦВК давалі плён. Да прыкладу, такі выпадак адбыўся ў Бабруйску, калі без усялякіх на тое падставаў назіральніку было адмоўлена ў акрэдытацыі. Там старшыня камісіі заявіла, што вельмі добра ведае справаводства, і ёй не падабаюцца асобныя моманты ў пратаколе. З гэтай прычыны назіральніку адмовілі ў рэгістрацыі. Пасля звароту ў ЦВК са скаргай старшыні камісіі патлумачылі, што яна не мае рацыі. Назіральніка зарэгістравалі, аднак прабачэння за тое, што два дні "прамурыжылі" чалавека, так і не папрасілі. Былі таксама скаргі на тое, што скрыні для галасавання падчас абедзеннага перапынку і ноччу захоўваюцца неналежным чынам", ― кажа Алег Аксёнаў.

Назіральнік таксама распавядае пра выпадак у Бабруйску, дзе ва ўчастковай камісіі не хацелі акрэдытоўваць назіральніцу, бо на пратаколе вылучэння ад палітычнай партыі не стаяла пячаткі. Старшыня камісіі не ведала, што не ўсе арганізацыі маюць пячатку. Аднак пасля скаргі камісія вышэйшага ўзроўню патлумачыла старшыні яе памылку.

У выпадку з неналежным захоўваннем скрыняў для галасавання назіральнікі пісалі скаргі на большасці выбарчых участкаў, дзе бачылі, што памяшканні не апячатваюцца як трэба. Пасля такіх скаргаў на некаторых участках скрыні а таксама памяшканні для галасавання пачалі апячатваць на вачах назіральнікаў.

На адным участку ў Брэсце назіральнікі нават дабіліся пераносу кабін для галасавання ў іншы пакой, распавядае каардынатар кампаніі “Права выбару-2015” Ігар Маслоўскі.

"Дзякуючы назіральнікам кампаніі “Права выбару-2015”, мы дамагліся выпраўлення аднаго з парушэнняў на выбарчым участку Маскоўскага раёна. Калі пачалося датэрміновае галасаванне, бюлетэні выдавалі ў асобным кабінеце. Далей выбаршчыкі выходзілі на калідор, ішлі некалькі метраў па калідоры і толькі потым заходзілі ў кабіну для галасавання. Назіральнікі размяшчаліся на калідоры. Сябры БСДП напісалі скаргі на імя старшыні ўчастковай камісіі і ў камісію вышэйшага ўзроўню. Праз два дні сітуацыя была выпраўленая ― кабіну для галасавання перамясцілі ў тое памяшканне, дзе адбывалася выдача бюлетэняў", ― распавядае Маслоўскі.

Варта адзначыць, што істотна гэтыя скаргі на ход прэзідэнцкай выбарчай кампаніі не паўплывалі. Большасць запытаў назіральнікаў былі прызнаныя неістотнымі. Некаторых назіральнікаў выдалялі з участкаў. Цягам выбарчай кампаніі толькі ў кампаніі “Права выбару-2015” было выдалена 36 назіральнікаў. У большасці выпадкаў гэта было зроблена беспадстаўна, упэўненыя праваабаронцы.


Самае адметнае, напэўна, тое, што, калі нашы назіральнікі пісалі скаргі на парушэнне заканадаўства, то праўладныя назіральнікі пісалі скаргі на нашых назіральнікаў за тое, што тыя нібыта ўмешваюцца ў працу камісіі. Гэта такое “ноу-хау”, якога не было яшчэ ні на адных выбары за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі”, — распавядае Ігар Маслоўскі.