Вы тут

Чаго беларусы хочуць ад урада — і што рабіць, каб выратаваць эканоміку

Беларусы на прыродзе падчас пандэміі / Reuters

Кампанія SATIO у траўні зноў задала беларусам пытанні пра каранавірус і яго эканамічныя наступствы. Вынікі апытання паказваюць, што даходы людзей працягваюць падаць, а ў паловы беларусаў у выпадку звальнення не хопіць зберажэнняў нават на два месяцы.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер падзяліўся рэкамендацыямі, як змякчыць эканамічныя наступствы пандэміі.

Беларусы баяцца, што хутка пачнуцца пратэсты

Па звестках сацыёлагаў, у траўні беларусы баяцца эканамічных праблем нават больш, чым калапсу сістэмы аховы здароўя. 55,3% людзей асцерагаюцца вымушаных адпачынкаў за свой кошт, 47,5% — зніжэння заробку, 31% — падзення курса рубля.

У гэтым месяцы ў беларусаў таксама ўзмацнілася адчуванне, што хутка пачнуцца вулічныя пратэсты. Іх асцерагаюцца 11,7% насельніцтва.

У траўні даходы больш за ўсё ўпалі ў сферах транспарту, сувязі і прамысловасці (у красавіку — у сферы паслуг). Страта даходаў у гэтым месяцы перамясцілася з Мінска ў гарады з насельніцтвам менш за 5000 чалавек. На думку сацыёлагаў, гэта негатыўная тэндэнцыя, таму што ў невялікіх населеных пунктах зарплаты ніжэйшыя, а знайсці новае месца працы нашмат складаней.

Беларусы адказалі, на які час ім хопіць зберажэнняў у выпадку звальнення / SATIO, BEROC

Беларусы бачаць асноўную прычыну зніжэння даходаў у скарачэнні колькасці заказаў і кліентаў. На другое месца яны ставяць змену курса рубля да замежных валют.

"Падушку бяспекі" на паўгода і даўжэй маюць толькі 7,2% жыхароў Беларусі. 33,2% людзей адказалі, што ў выпадку звальнення змогуць пражыць на зберажэнні менш за месяц, 23,4% — адзін месяц.

Якіх захадаў беларусы чакаюць ад дзяржавы? 55% — забароны на рост цэн на прадукты, 52,9% — зніжэння тарыфаў ЖКГ. На трэцім месцы — выплата дапамогі, якой бы хапіла на 2-3 месяцы. З такой прапановай выступаюць у асноўным самазанятыя, прадпрымальнікі, беспрацоўныя і работнікі сферы абслугоўвання.

Такія меры прапануюць беларусы / SATIO, BEROC

А якія меры сапраўды могуць дапамагчы?

Лагічна, што людзі, прапаноўваючы "выратавальныя" меры, думаюць пра сябе, а меры для выратавання эканомікі павінны быць іншыя. Алекс Крэмер, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў нашай краіне, даў некалькі рэкамендацый беларускаму ўраду:

— Цяперашняя сітуацыя — гэта спадчына шматгадовых неэфектыўных трат у сектары дзяржпрадпрыемстваў. Гэта і прывяло да нестабільнасці. Цяпер для Беларусі важна ўсвядоміць, што немагчыма скапіяваць меры бюджэтнай інтэрвенцыі, якія прымаюць некаторыя краіны Захаду. У Беларусі няма магчымасці траціць велізарныя сродкі на падтрымку прыватных прадпрыемстваў. Яна не можа пазычаць грошы ў Нацбанка, гэта значыць друкаваць іх, каб пакрыць расходы. Гэта прывядзе да паслаблення курса беларускага рубля і пагаршэння паказчыка суадносін дзярждоўгу да ВУП. Важна разумець, што прыняцце мер павінна быць не колькасным, а якасным.

На думку Крэмера, па-першае, варта палепшыць якасць бізнес-асяроддзя для прыватнага сектара. Па-другое, для мінімізацыі эканамічных і сацыяльных наступстваў пандэміі вельмі важныя меры сацыяльнага дыстанцыявання.

Сусветны банк / officelife.media

Таксама кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Сусветнага банка рэкамендуе ўдасканаліць меры сацыяльнай абароны: пашырыць параметры аказання адраснай дапамогі і павялічыць дапамогі беспрацоўным. Дарэчы, з запытам аб пазыцы для дапамогі ўразлівым слаям насельніцтва ў Сусветны банк ужо звярнуўся беларускі ўрад. Цяпер абмяркоўваюцца падрабязнасці гэтага праекта.

— Апошняя парада — гэта правядзенне структурных рэформаў. Мы рэкамендавалі палепшыць сістэму абароны ўкладаў, а таксама падтрымкі банкаў. Ёсць меры, якія краіна можа сабе дазволіць, — дадае Алекс Крэмер. — Можна стварыць дадатковыя бюджэтныя буферы, прыбраць неактуальныя падатковыя льготы. Для таго каб гэта рэалізаваць і з'явілася прастора для рэагавання на крызіс, трэба працаваць таксама з фіскальнай падтрымкай, якая аказваецца дзяржпрадпрыемствам.

Напярэдадні эканамісты Сусветнага банка спрагназавалі падзенне ВУП Беларусі на 4% у 2020 годзе. Такое зніжэнне можа стаць самым значным за апошнія 25 гадоў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.