Цэнтрвыбаркам адказаў на скаргі прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы

Цэнтрвыбаркам адказаў на скаргі прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы

Цэнтрвыбаркам на сваім сайце адказаў на шматлікія скаргі беларусаў, якія лічаць незаконным нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы кандыдатамі ў прэзідэнты. Адказ, дарэчы, дадзены на дзвюх дзяржаўных мовах — па-беларуску і па-руску. 

Як распавядала Еўрарадыё, 15 ліпеня сотні мінчукоў сталі ў чаргу да Цэнтрвыбаркама, каб падаць скаргі. Чарга выцягнулася па плошчы Незалежнасці, вуліцах Берсана і Мяснікова да Тэатра музкамедыі. Усе ахвочыя падаць скаргі да канйа працоўнага дня не паспелі, таму частка людзей пайшла на Галоўпаштамт, каб адправіць іх лістамі. 

Сёння ЦВК ужо даў адказ на гэтыя скаргі на сваім сайце: "Цэнтральная камісія тлумачыць, што палажэнні часткі пятай артыкула 681 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадастаўляюць права на абскарджанне адмоў у рэгістрацыі толькі асобам, якія вылучаны кандыдатамі ў прэзідэнты.

Як вынікае з публічных заяў прадстаўнікоў Бабарыкі В.Д. і Цапкалы В.В., яны маюць намер падаць адпаведныя скаргі ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь".

Такім чынам, можна зразумець, што заявы прыхільнікаў Бабарыкі і Цапкалы ў Цэнтрвыбаркаме разглядаць папросту не будуць. 

У сваіх заявах мінчукі таксама патрабавалі выпусціць палітвязняў. На гэта у ЦВК адказалі, што яны не маюць заканадаўчых правоў умешвацца ў дзейнасць праваахоўных органаў. 

Частка прэтэнзіяў датычыла назіральнікаў на выбараў і правядзення экзіт-полаў. "Цэнтральная камісія, з’яўляючыся правапрымяняльным органам, таксама не мае права ўрэгуляваць сваёй пастановай пытанні, што ставяцца ў зваротах, пра паўнамоцтвы наглядальнікаў. Яны вызначаны нормамі артыкула 13 Выбарчага кодэкса, і ўвядзенне новых правіл ажыццяўлення нагляду патрабуе карэкціроўкі Кодэкса.

Наконт запрашэння для правядзення экзітполаў міжнародных арганізацый Цэнтральная камісія тлумачыць, што сацыялагічныя апытанні, звязаныя з выбарамі, маюць права праводзіць арганізацыі, у якіх ёсць пасведчанне аб акрэдытацыі ў Камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Запрашэння гэтым арганізацыям ад Цэнтральнай камісіі для правядзення апытанняў не патрабуецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі