Цэнтр радыяцыйнага кантролю: радыеактыўнае воблака ў Беларусі не зафіксаванае

Цэнтр радыяцыйнага кантролю: радыеактыўнае воблака ў Беларусі не зафіксаванае

Цэнтр па кантролі радыеактыўнага забруджвання Беларусі зафіксаваў у канцы верасня — пачатку кастрычніка 2017 года ў атмасферы забруджвання паветра радыеактыўным ізатопам рутэній-106.

"У Беларусі быў зафіксаваны рутэній-106. Была зафіксавана вельмі нязначнае колькасць у Пінску і Браславе. Пасля таго, як з'явіліся паведамленні пра гэта ў замежнай прэсе, мы працуем ва ўзмоцненым рэжыме і ўсё вельмі дакладна і строга правяраем", — паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Вольга Бандарэнка.

Як распавяла Еўрарадыё першы намеснік начальніка Белгідраметцэнтра Марыя Гермянчук: «З 3 па 5 кастрычніка мы зафіксавалі вельмі нязначную колькасць рутэнія-106 у паветры. Гэта забруджванне не з'яўляецца небяспекай для насельніцтва».

8 лістапада Федэральнае ведамства па радыяцыйнай абароне Германіі заявіла, што на поўдні Урала адбыўся выкід радыеактыўнага ізатопа рутэній-106. У ведамстве не выключылі, што выкід мог здарыцца ў іншым рэгіёне поўдня Расіі. 9 лістапада Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Францыі заявіў, што зафіксаваў радыеактыўнае воблака над Еўропай. Эксперты інстытута патлумачылі, што гэта можа сведчыць пра аварыю з уцечкай радыяцыі на ядзерным аб'екце ў Расіі ці Казахстане напрыканцы верасня.

Спачатку Расія ўсё адмаўляла. Але 20 лістапада Федэральная служба па гідраметэаралогіі Расіі апублікавала бюлетэнь аб радыяцыйнай абстаноўцы на тэрыторыі Расіі ў верасні 2017 года. У ім сказана пра наяўнасць радыеактыўнага рутэнія-106 (Ru-106) у пробах, адабраных у апошні тыдзень верасня ў Чалябінскай вобласці, у стокіламетровай зоне вытворчага аб'яднання "Маяк". Найбольш значнае перавышэнне радыяцыйнага фону зафіксаванае ў раёне пасёлка Аргаяш — у 986 разоў у параўнанні з мінулым месяцам. У суседнім населеным пункце Навагорны — у 440 разоў. Калі там было “экстрэмальнае забруджванне паветра”, то ў Татарстане, у Растове-на-Доне яно было “высокім”.

Прычына здарэння дагэтуль не вядомая. Адзначаецца, што канцэнтрацыя рутэнія-106 была значна ніжэйшай за дапушчальную і не ўяўляла небяспекі для насельніцтва. Рутэній-106 можа ўтварыцца падчас перапрацоўкі ядзерных цеплавыдзяляючых элементаў. Яго выкарыстоўваюць у якасці крыніцы выпраменьвання пры ракавай тэрапіі, радзей — у радыеізатопных тэрмаэлектрычных генератарах (яны патрэбныя для электразабеспячэння спадарожнікаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі