Былыя ІПэшнікі становяцца санітаркамі і аператарамі ЭВМ

Мінскія ўлады знайшлі працоўныя месцы толькі кожнаму сёмаму зволенаму ІПэшнікам прадаўцу. Астатнім прапануюць вучыцца і жыць на дапамогу ў 70 тысяч у месяц Як даведалася Еўрарадыё, у сталічнай службе занятасці ёсць толькі 511 вакансій прадаўцоў для 3,5 тысяч будучых беспрацоўных, якія з’явяцца ўжо праз 2 тыдні. Працы для астатніх няма….

Нагадаем, што з 1 студзеня прадпрымальнікі вымушаны будуць адмовіцца працаваць з наёмнымі работнікамі і браць на працу толькі сваіх сваякоў.

Такім чынам, хутчэй за ўсё абяцанні чыноўнікаў працаўладкаваць усіх, хто застанецца без працы, невыканальныя. Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі работы па садзейнічанні занятасцю насельніцтва Вольга Пераспевіч расказвае, што сёння ў горадзе ёсць больш за 19 тысяч вакансій. Але прадпрыемствам патрэбны токары, слесары, будаўнікі….

Вольга Пераспевіч: Вакансій працоўных спецыяльнасцей 15,5 тысяч. Гэта кіроўцы, будаўнічыя спецыяльнасці (токары і слесары), шмат вакансій прадаўцоў. На сённяшні дзень у актуальных вакансіях – 511 прадаўцоў патрабуецца па горадзе Мінску. З іх 333 вакансіі прадаўцоў харчовых тавараў.

Да таго ж, па словах чыноўнікаў, зволеным прадаўцам ІПэшніка будзе складана ўладкавацца на працу. Бо ў іх няма адукацыі, а толькі вопыт работы. Таму беспрацоўным адразу прапануюць пайсці на 3-6-месячныя курсы. У такім выпадку штомесячна яны будуць атрымліваць 1-2 базавыя велічыні, ці 35-70 тысяч рублёў.

Пакуль ніякага ажыятажу сярод зволеных прадаўцоў не назіраецца: за апошні тыдзень па працу ў Мінску звярнуліся толькі дзве жанчыны. У службе занятасці Маскоўскага раёна сталіцы на біржу з 1 верасня сталі 4 індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ліквідавалі свой бізнэс. Адна жанчына ўладкавалася санітаркай, другая – аператарам ЭВМ.

Еўрарадыё патэлефанавала ў Слуцкі цэнтр занятасці, каб дазнацца, ці магчыма ўладкавацца на працу жанчыне 30 гадоў, якая некалькі гадоў працавала на прадпрымальніка.

Супрацоўнік цэнтра занятасці: Божа мой, ды прадаўцоў мора марское: і “Слуцкгандаль”, і “Усход”, і гандлёвы дом “Слуцк” і “Пошук”. Прадаўцоў вельмі шмат патрабуецца.

Але калі журналіст Еўрарадыё сказаў, што не мае адукацыі, нам прапанавалі ўладкавацца на працу самастойна ці скончыць курсы.

Сталічны індывідуальны прадпрымальнік гаворыць, што з пераходам у ЧУП яму прыйшлося звольніць аднаго з свах наёмных работнікаў. За два тыдні ён пісьмова паведаміў яму аб гэтым і выплаціў выхадную дапамогу (двухтыднёвы сярэдні заробак).

Індывідуальны прадпрымальнік: На сённяшні дзень сярэдні заробак прадаўца складае прыкладна 400 тысяч, ці 390 тысяч, калі быць дакладнымі. Вось і падзяліце на 2, атрымаецца без 5 - 200 тысяч.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа лічыць, што пасля Новага года на вуліцы апынецца каля 30 тысяч чалавек. У Мінску беспрацоўнымі стануць 3-3,5 тысячы чалавек.

Аляксандр Патупа: Гэта лічба была б значна вышэй, але многія прадаўцы прагназавалі сітуацыю, што пасля Новага года стане шмат вольных працоўных рук, таму пачалі звальняцца яшчэ некалькі месяцаў таму.

Не менш цікавае пытанне, ці застануцца цэны ў святочныя дні на рынках такімі, як зараз. З аднаго боку, ІПэшнікі, якія губляюць частку бізнэсу, могуць зрабіць вялікія зніжкі, каб хоць неяк пазбыцца свайго тавару. З другога, з-за такога няпростага становішча цэны можна падымаць на парадак вышэй. На думку Аляксандра Патупы, пры сутыкненні дзвюх такіх хваляў ніякага скачку ў цэнаўтварэнні не будзе, таму цэны на рынках хутчэй за ўсё застануцца на такім жа ўзроўні.

Слухаць тут :


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі