Былы зэк, секс-работніца і вясельны фатограф: хто працаваў агентурай

Успамінаем, каго і як выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў беларускія спецслужбы. 

Успамінаем, каго і як выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў беларускія спецслужбы.  / @rubanau_collage

Агентуры сярод дэмакратычных сілаў і дыяспары хапае. І гэта не толькі тэзіс Зянона Пазняка. Аб’яднанне былых сілавікоў BYPOL неаднойчы заяўляла: на тэрыторыі краін ЕС працуюць агенты спецслужбаў Лукашэнкі — наведваюць беларускія мерапрыемствы, фатаграфуюць удзельнікаў і г.д.

10 студзеня стала вядома пра выкрыццё ў Польшчы імавернай агенткі КДБ — Дар’і Астапенка, былой актывісткі “Гавары праўду”.

Еўрарадыё ўспамінае, каго і як беларускія спецслужбы выкарыстоўвалі для збору агентурнай інфармацыі і правакацый.  
 

Артур Гайко

Гісторыя Артура Гайко і ЧКБ — гэта пакуль што самае паспяховае ўкараненне агента ў шэрагі дэмсілаў (з тых, што сталі вядомыя).

Былы зэк, секс-работніца і вясельны фатограф: хто працаваў агентурай
Артур Гайко / vitebsk.gov.by

Артур Гайко з кастрычніка 2020 года працаваў у камандзе тэлеграм-канала “Чорная кніга Беларусі” ў якасці “бяспечніка”. Ён захоўваў ананімнасць і не паказваў калегам свайго твару. Мужчына меў доступ да ўнутраных чатаў некалькіх пратэсных рэсурсаў, меў зносіны і нават сябраваў з супрацоўнікамі ЧКБ.

У ліпені 2021 года адміністратары “Чорнай кнігі” зразумелі, што асноўным месцам працы Гайко быў… ГУБАЗіК.  

За той час, пакуль Гайко меў доступ да ботаў асноўнага і рэгіянальных каналаў “Чорнай кнігі Беларусі”, у іх напісала каля 8500 карыстальнікаў.

ЧКБ не папярэдзіла сваіх чытачоў, што ў праекце быў агент. Ужо былыя супрацоўнікі “Кнігі” расказалі пра ўсе падрабязнасці больш чым праз год.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў “Вясны”, станам на кастрычнік 2023 года за “злівы” ў ЧКБ на вялікія тэрміны асудзілі мінімум 32 чалавекі.


“Слава Воўк”

Пра Вячаслава Быстрова ў сваім расследаванні расказалі экс-сілавікі з аб'яднання BYPOL.

Паводле іх інфармацыі, Вячаслаў Быстроў, які выдаваў сябе за пацярпелага ад рэжыму Лукашэнкі, насамрэч працуе на МУС Беларусі.

"Гэты грамадзянін спрабуе ўцерціся ў давер да беларускай дыяспары ў Варшаве. З моманту прыезду ў Польшчу ён актыўна наведвае беларускія акцыі, фатаграфуецца з іх удзельнікамі", — казалі аўтары расследавання.

Паводле іх звестак, Вячаслаў Быстроў быў шэсць разоў судзімы за крадзяжы і рабаванні.

"Першы тэрмін атрымаў у далёкім 1992 годзе, з таго часу на волю выходзіў на непрацяглы тэрмін і неўзабаве вяртаўся назад у месцы пазбаўлення волі, дзе пазней і заключыў кантракт пра супрацоўніцтва на платнай аснове з супрацоўнікамі аператыўнага аддзела СІЗА-1 у Мінску, так званай Валадаркі", — гаворыцца ў матэрыяле.

У СІЗА Быстроў займаўся "ўнутрыкамернай распрацоўкай" зняволеных, прымушаючы іх пісаць яўку з пакаяннем, і неаднаразова заахвочваўся прэміямі, сцвярджаюць расследавальнікі. Паводле звестак BYPOL, Быстроў таксама супрацоўнічае з 3-м упраўленнем МУС Беларусі ГУБАЗіК па супрацьдзеянні экстрэмізму.

У пачатку снежня 2021 года мужчына па працоўнай візе адправіўся ў Польшчу, дзе падаў заяву на атрыманне статусу бежанца. Яго заданне заключалася, акрамя іншага, у фізічнай ліквідацыі лідараў BYPOL, а таксама апазіцыйнага палітыка Паўла Латушкі, вынікае з расследавання.

Акрамя таго, Быстроў збіраў звесткі грамадзян РБ, якія жывуць за мяжой: нумары іх тэлефонаў, транспартных сродкаў, адрасы месца жыхарства і працы. Пры гэтым асаблівую ўвагу ён надаваў тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах, і высвятляў, ці ёсць у іх сваякі ў Беларусі.

Паводле звестак BYPOL, Славам Воўкам (так ён быў падпісаны ў Telegram) заняліся польскія спецслужбы — увосень 2023-га яго дэпартавалі ў Беларусь.
 

“Ламбада”

Алена Кузьміна была галоўнай удзельніцай правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага. Яна разам з невядомай жанчынай накінулася на палітыка, пасля чаго таго затрымалі.

49-гадовая Кузьміна родам з Бабруйска. Афіцыйна яна мела ІП, а таксама працавала нейкі час у салоне прыгажосці. Неафіцыйна — займалася прастытуцыяй.

У інтэрнэце дагэтуль можна знайсці абвесткі на сайтах знаёмстваў з расцэнкамі на яе сэкс-паслугі — каля 60 долараў за гадзіну.

Былы зэк, секс-работніца і вясельны фатограф: хто працаваў агентурай
Алена Кузьміна, фота з сацсетак

Пра яе супрацоўніцтва з ГУБАЗ у інтэрв'ю ютуб-каналу ТОК расказваў былы супрацоўнік ведамства Мацвей Купрэйчык. Паводле яго слоў, спецслужбы нярэдка прыцягваюць прастытутак, каб здабываць кампрамат на кліентаў.
 

Дамову пра супрацоўніцтва з КДБ ён падпісаў у 1995 годзе і атрымаў псеўданім “Сымон”. З таго часу выконваў дробныя даручэнні: выяўляў ухілістаў ад войска, рабіў кантрольныя закупкі наркотыкаў, сачыў і даносіў на актывістаў апазіцыі.

У 2007 годзе ён на заданне куратара Аляксандра Цітова стварыў сайт Gomelbest.com, дзе супрацоўнікі КДБ публікавалі кампрамат на дзеячаў дэмакратычнага руху. Праз год КДБ заключыў з ім афіцыйную дамову на абслугоўванне сайта.

У 2011 годзе яго папрасілі падкінуць наркотыкі гомельскай актывістцы Ксеніі Яраслаўцавай. Ён таксама атрымаў заданне ўкараніцца ў журналісцкае асяроддзе і нават ездзіў на курсы павышэння кваліфікацыі, арганізаваныя БАЖ ва Украіне.

Акрамя ўласна прызнання ў працы на КДБ Сяргей Васільеў шмат расказаў пра метады працы гомельскіх кадэбэшнікаў, вярбоўку, кантакты і назваў прозвішчы афіцэраў, з якімі непасрэдна працаваў.

Акрамя таго, ён прывёз аўдыё- і відэазапісы сустрэч з куратарамі, якія зрабіў на рэгістратар у сваім аўто. У інтэрв'ю Васільеў казаў, што большая частка запісаў была пашкоджаная, але нешта ён змог апублікаваць.

Паводле інфармацыі Reform.by, у 2019 годзе Васільеў вярнуўся ў Беларусь і сама меней да канца 2020 года заставаўся на волі. Ён працаваў відэааператарам і фатографам для вясельных салонаў.

У чэрвені 2021 года Васільеў быў прызнаны Гомельскім абласным судом "вінаватым у выдачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненай грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве)".

Яму прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі