Вы тут

Правакатарка з пікета Ціханоўскага: арганізатар — ФСБ, а ў мяне сувязі ў Расіі

Алена Кузьміна / Фота з сацсетак

"Народная Воля" пагаварыла з Аленай Кузьміной — жанчынай, якая арганізавала правакацыю на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Гродне 29 траўня. Пасля скандалу з ёй блогера разам з паплечнікамі затрымалі — і на волю ён дагэтуль не выйшаў.

Праз некалькі дзён пасля затрымання ў сацсетках вылічылі, што жанчына ўваходзіць у чат "Распусная Беларусь". Таксама адшукалі і старое фота з нумарам тэлефона, на якім "прыемная дзяўчына пышных формаў" прапануе прабавіць вечар з мужчынам. Нават называлася сума за пару гадзін з Кузьміной. 

У каментары "Народнай Волі" жанчына заявіла, што насамрэч яна ратавала Ціханоўскага ад смерці.

"Нашай уладзе гэта (маецца на ўвазе збор людзей у цэнтры горада) не трэба было. Арганізатар усяго — ФСБ, а ў мяне былі проста сувязі ў Расіі. Вы разумееце, што я не магу ўсё сказаць, але адмовіцца я не магла. Выставілі ўсё так, як быццам я яму хацела нашкодзіць, але ніхто не падумаў, што ратавала. Лепш так, чым ляжаць закапаным у зямлі", — заяўляе Кузьміна.

Па словах жанчыны, з'ехаць з краіны пасля правакацыі з Ціханоўскім ёй не прапаноўвалі. "Мабыць, тут патрэбная. А наогул, паглядзіце, якая актыўная інтэграцыя. Можа, хутка мы станем Расійскай Федэрацыяй, і ўсе канфлікты на гэтым скончацца", — прагназуе яна.

Згадваючы прэзідэнцкую кампанію, Кузьміна кажа, што хацела, каб прэзідэнтам стаў Віктар Бабарыка: "Разумны інвестар, мэтанакіраваны".

Калі журналістка "Народнай Волі" праз пару гадзін ператэлефанавала Кузьміной, каб удакладніць пару пытанняў, тая размаўляць не захацела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.