“Быццам не бачыліся гадзіну”: муж Кацярыны Андрэевай пра сустрэчу з жонкай

“Быццам не бачыліся гадзіну”: муж Кацярыны Андрэевай пра сустрэчу з жонкай

18 лютага журналісткам “Белсата” Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай прысудзілі два гады калоніі за стрым з “Плошчы Перамен”. Мужу Андрэевай, журналісту Ігару Ільяшу, удалося сустрэцца з жонкай пасля агучвання прысуду. Як прайшло першае за тры месяцы спатканне і як трымаецца Кацярына, Ігар Ільяш расказаў у жывым эфіры Еўрарадыё.

Не згубіла ўпэўненасць у сябе

У яе вельмі добры настрой. Гэта можа паказацца парадаксальным, але сапраўды так. Ёй дае сілы для пазітыву ўпэўненасць у тым, што яна ўсё робіць правільна, што праўда на яе баку. Не толькі ў гэтай крымінальнай справе, гэта натуральна, а праўда ў яе выбары жыццёвага шляху. У тых прынцыпах, якія яна адстойвае. Гэты пераслед не быў выпадковым. Яна не ішла ў краму і яе выпадкова арыштавалі. 

Каця свядома разумела, што за журналісцкую дзейнасць у Беларусі яна можа трапіць пад крымінальны пераслед. То-бок гэта была свядомая рызыка, выбар. Яна рызыкуе сваёй свабодай, здароўем, каб адстойваць свае прынцыпы. І гэтая ўпэўненасць дае ёй сілы.

Смяяліся і жартавалі

Мы не бачыліся тры месяцы. І я, канешне, за гэты час шмат разоў пракручваў у галаве, як будзе выглядаць першая сустрэча пасля такой разлукі. Мне чамусьці здавалася, што гэта будзе выглядаць як у кнізе Салжаніцына “У крузе першым”. Вельмі моцны эпізод спаткання, драматычны і трагічны. Насамрэч рэальнасць не адпавядала гэтым меркаванням. Мы большую частку гэтага спаткання смяяліся і жартавалі. Не было нейкай няёмкасці, што вось не бачыў каханага даўно і не ведаеш, з чаго пачаць размову. Быццам бы не бачыліся гадзіну і працягнулі нейкую размову, якую вялі да гэтага.

Абмяркоўвалі фактычна нейкія бытавыя пытанні, як мы адчуваем сябе, як нашае  асяроддзе. Мы не абмяркоўвалі пытанне выбару нашага, нічога такога мудрага, драматычнага не было. Чаму мы зрабілі такі выбар? Чаму яна знаходзіцца пад вартай? Што нас чакае далей? Для нас гэтыя пытанні настолькі відавочныя, што мы нават гэта не прагаворвалі. Мы раней ці пазней будзем разам і будзем шчаслівымі. 

“Быццам не бачыліся гадзіну”: муж Кацярыны Андрэевай пра сустрэчу з жонкай
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова падчас суда / Belsat

Мы не мелі ілюзій

Шоку ад прысуду ў нас не было. Гэта не стала нечаканасцю, мы не мелі ілюзій. Мы зразумелі, што будзе такі прысуд, калі пракурорка агучыла гэтае патрабаванне. 

Каця мне перадала праз адваката, што два гады для яе не страшныя, яна не баіцца. Яна якраз чытае цяпер “У крузе першым” і кажа, што “вось людзі за свае перакананні сядзелі па 10–25 гадоў, выходзілі і не адмаўляліся ад прынцыпаў”. Мы ўсё гэта перажывём, праўда на нашым баку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі