Бугай з бейсбольнай бітай як прыкмета лібералізацыі

За маршрутам сёлетняга Дня Волі будуць пільна сачыць не толькі ў Мінску, але і ў Еўропе. Да гэтага часу мінскія ўлады не далі арганізатарам Дня Волі адказу аб маршруце шэсця. Вядома толькі месца збора — пляцоўка побач з Акадэміяй навук. Заяўнікі акцыі прапанавалі ўладам зацвердзіць маршрут адтуль да Кастрычніцкай плошчы. Еўрарадыё запыталася ў арганізатараў Дня Волі, куды яны павядуць людзей, калі гарадскія ўлады прапануюць ім як заўжды ісці на Бангалор.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч загадзя прагназаваць сітуацыю не пажадаў. Кажа, галоўнае — колькасць людзей, якія прыйдуць на месца збора і падтрымаюць патрабаванні да ўлады.

Віктар Івашкевіч:
“Галоўнае — колькасць. І ў гэтым сэнсе людзі, якія вырашаюць, ісці ці не ісці, павінны думаць не пра тое — “тут пайду, а там не пайду”, а пра тое, што сваім удзелам у месцы збора яны дэманструюць масавасць незадавальнення палітыкай рэжыма і падтрымліваюць патрабаванні да яго”.

Галоўныя патрабаванні, паводле слоў намесніка старшыні Партыі БНФ, — гэта вызваленне палітвязняў, адмена рэпрэсіўных законаў і сацыяльныя патрабаванні людзей ад наступстваў крызіса. Што ж тычыцца таго, куды ісці, ці ўвогуле нікуды не ісці ад Акадэміі навук, калі ўлады прапануюць Бангалор, то, кажа ён, гэты вырашыцца на месцы.

Віктар Івашкевіч: “Арганізатары акцыі звернуцца да людзей з пытаннем пра тое, як яны жадаюць сябе паводзіць, і большасць заявяць — куды і якім чынам яны хочуць ісці”.

Эксперты мяркуюць, што акцыя 25 сакавіка хутчэй за ўсё пройдзе мірна. Найперш, каб напярэдадні саміта 7 траўня ў Празе наяўна прадэманстраваць Еўропе лібералізацыю ў палітычным жыцці Беларусі. Але, на думку палітолага Віталя Сіліцкага, могуць знайсціся сілы ў апазіцыі, якія захочуць справакаваць ўлады.

Віталь Сіліцкі: “Будзе вельмі дзіўна, калі яшчэ да прыняцця рашэння аб уваходзе Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнёрства” ўлады пойдуць на разгон акцыі ці распачнуць хапун. Але магчыма, што знойдуцца пэўныя колы ўнутры апазіцыі, якія пастараюцца не тое, каб справакаваць, але выбіраць такія сцэнары, калі пойдуць не тым маршрутам і гэтак далей. Так што будзе вельмі цікавая сітуацыя. Частка палітычнай апазіцыі будзе зацікаўленая ў тым, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ўсё ж такі адбываюцца”.

Выступіць у ролі такіх “правакатараў” можа моладзь. Паводле слоў аднаго з актывістаў маладзёжнага дэмакратычнага руху Андрэя Кіма, яны ні ў якім разе не пагодзяцца з прапановай уладаў ісці ад Акадэміі навук на Бангалор. І пойдуць у цэнтр сталіцы — на Кастрычніцкую плошчу. Але ні ў якім разе не лічаць свае такія паводзіны правакацыяй.

Андрэй Кім: “Правакацыяй было б, калі б людзі, як у 1999 годзе, пачалі закідваць міліцыянтаў камянямі. Гэта зусім іншае і гэта менавіта правакацыя. Альбо калі б людзі пайшлі Адміністрацыю прэзідэнта браць штурмам — вось гэта правакацыя. А калі мы хочам мірна па ходніках прайсціся шэсцем у цэнтр горада ў Дзень Волі беларускай, то я не бачу ў гэтым нічога правакацыйнага”.

Між тым, усе суразмоўцы Еўрарадыё пагадзіліся з тым, што тое, наколькі мірна пройдзе Дзень Волі, будзе ў першую чаргу залежыць ад палітычнай волі ўладаў. Што, у сваю чаргу, паказчыкам лібералізацыі не з’яўляецца. Прынамсі, так лічыць палітолаг Віталь Сіліцкі.

Віталь Сіліцкі: “Калі ёсць палітычнае рашэнне і выразная каманда не чапаць, яны чапаць не будуць. Але гэта не паказчык лібералізацыі. Паказчыкам будзе спрашчэнне працэдуры атрымання дазволу на правядзенне акцый, напрыклад. А так… Стаіць каля цябе бугай з бейсбольнай бітай. Раней лупцаваў перыядычна, а зараз не лупцуе. Гэта лібералізацыя? Пэўная лібералізацыя, але і бугай тут, і біта пры ім”.

Як паведаміў Еўрарадыё Віктар Івашкевіч, заяўкі на правядзенне вулічных шэсцяў з нагоды Дня Волі падалі мясцовыя арганізатары ў Гродне і Магілёве. Адказу — як і ў Мінску — пакуль не атрымалі. Ва ўсіх астатніх гарадах актывісты правядуць сходы ў памяшканнях. Калі мясцовыя ўлады ім такія памяшканні выдзяляць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі