"Будаваць па нормах ЕС і КНР". Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці Аршаншчыны

"Будаваць па нормах ЕС і КНР". Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці Аршаншчыны

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №506 аб развіцці Аршанскага раёна. У гэтым дакуменце зацвярджаецца праграма развіцця рэгіёну на перыяд да 2023 года, інфармуе tut.by са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Дакумент прыняты для таго, каб стварыць умовы для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, павысіць якасць і ўзровень жыцця насельніцтва, стымуляваць прадпрымальніцтва і выклікаць рост даходаў мясцовага бюджэту.

Для гэтага плануецца шэраг эканамічных, фінансавых, падатковых, адміністрацыйных і стымулюючых мераў. Напрыклад, гэта спецыяльны рэжым падаткаабкладання як для новых, так і для дзеючых суб'ектаў гаспадарання. Прадпрыемствы змогуць не плаціць ПДВ пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання будуць зменшаныя да 1%. Акрамя таго, зменшацца адлічэнні на пенсійнае страхаванне, а адтэрміноўка (растэрміноўка) па выплаце падаткаў будзе адбывацца без налічэння адсоткаў за яе выкарыстанне.

Для прыцягнення інвестыцыяў Аршанскі райвыканкам атрымаў права самастойна распараджацца неэфектыўна выкарыстоўванай маёмасцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці. На тэрыторыі раёна дазваляецца ўжываць будаўнічыя і тэхнічныя нормы, вызначаныя ў ЕС, ЕАЭС і КНР, з правядзеннем дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыі без яе адаптацыі да дзеючых нарматываў. Пры стварэнні або пашырэнні вытворчасцяў прадпрыемствы раёна будуць вызваленыя ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасцяў, а таксама ад кампенсацыйнай выплаты за знішчаныя зялёныя зоны. 

Каб дапамагчы разняволенню дзелавой ініцыятывы, у Аршанскім раёне ўпарадкуюць праверачную дзейнасць і дэкрыміналізуюць эканамічныя рызыкі. Да 31 снежня 2023 года ўводзіцца мараторый на правядзенне выбарачных праверак, а для пазапланавых праверак вызначаецца выключны пералік, калі іх можна праводзіць. Таксама ўказ істотна абмяжоўвае выпадкі, калі абвінавачаных і падазраваных у эканамічных злачынствах можна браць пад варту. Замест гэтага прапануюцца меры стрымання, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства.

Заробкі кіраўнікоў прадпрыемстваў і дзяржслужбоўцаў раёна звязваюцца з вынікамі выканання праграмы развіцця. Абмежаванні па каэфіцыенту суадносінаў заробка кіраўніка і сярэдняга заробку па арганізацыі будуць адмененыя.

Найбольш эфектыўныя меры плануецца потым распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны краіны.

Тэкст указу пакуль не апублікаваны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі