Брэсцкі ўніверсітэт не дазволіў правесці польскую дыктоўку

У Брэсце ледзь не сарвалі польскую дыктоўку, арганізаваную грамадскім аб'яднаннем "Польска мацеж школьна". Гэтымі хвілінамі дыктоўка праходзіць у памяшканні Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце. Планавалася, што мерапрыемтсва адбудзецца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, але ў пятніцу ўвечары рэктарат ВНУ паведаміў арганізатарам, што гэта немагчыма, паколькі на нядзелю ва ўніверсітэце запланавана правядзенне тэставання.

Пісаць дыктоўку ў консульстве прыйшлі не ўсе, хто збіраўся. Па інфармацыі прадстаўнікоў "Польскай мацежы школьнай", адміністрацыя ўніверсітэта забараніла студэнтам удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.

Генеральны консул у Брэсце Яраслаў Ксёнжэк абураны сітуацыяй. Ён паведаміў, што "Польска мацеж школьна" мае дамову на арэнду памяшкання ў ВНУ і нават унесла за яго грошы. Ён падкрэсліў, што тэкст дыктоўкі не мае аніякага дачынення да палітыкі.

Яраслаў Ксёнжэк адзначыў, што рыхтуе ліст з інфармацыяй аб гэтым выпадку амбасадару Польшчы ў Беларусі, а таксама рыхтуецца да размовы з рэктарам універсітэта, з якім дагэтуль былі партнёрскія адносіны.

Аляксей Мурланаў, Еўрарадыё, Брэст

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі