Бойкі за месцы на матчы КХЛ не будзе?

Арганізатары матча зорак КХЛ і адміністрацыя “Мінск-Арэны” абяцаюць, што па два квіткі на адно месца прадавацца не будуць Квіткі на хакейны матч зорак Кантынентальнай лігі ў спорткомплексе “Мінск-Арэна”, запланаваны на 30 студзеня 2010 года, ужо некалькі дзён прадаюцца праз сістэму TicketPro. Але днямі прадстаўнікі “Мінск-Арэны” заявілі, што гэтыя яны нелегітымныя, і параілі здаць набытыя квіткі прадаўцам. А наўзамен набыць квіткі, якія будзе распаўсюджваць сама “Мінск-Арэна”.

Еўрарадыё даведалася, што рабіць, калі два чалавекі праз розныя сістэмы распаўсюду набудуць квіткі на адно месца.

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю хакейнага клуба “Дынама-Мінск” Юлія Ўласава ўпэўніла Еўрарадыё, што такая сітуацыя нават тэарэтычна немагчымая.

Юл
ія Ўласава: “Мінск-Арэна” не можа прадаваць квіткі, якія знаходзяцца ў сістэме TicketPro. Усё адно ўсё ўзаемазвязана. Такой сітуацыі не можа быць, гэта нават гіпатэтычна немагчыма”.

Што ж тычыцца таго, што “Мінск-Арэна” збіраецца прадаваць на матч свае квіткі, то, паводле слоў прадстаўніка хакейнага клуба, яны ўвогуле не маюць на гэта права.

Юлія Ўласава: “Яны не маюць права прадаваць квіткі на гэтае мерапрыемства. Бо суарганізатарамі яго з’яўляюцца хакейны клуб “Дынама-Мінск”, Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь і Кантынентальная хакейная ліга. І мы вызначаем, дзе і як прадаваць квіткі. “Мінск-Арэна” свавольна, як пляцоўка, на якой праводзіцца мерапрыемства, не мае права пачаць прадаваць квіткі, калі мы ўжо пачалі прадаваць квіткі на гэтыя месцы. Гэта юрыдычна і заканадаўча караецца”.

Згодна з яе словамі, арганізатары мерапрыемства так і не змаглі зразумець, з-за чаго “Мінск-Арэна” ўвогуле распачала размовы пра нейкую там нелегітымнасць квіткоў, навошта ім гэта было патрэбна.

У той жа час прадстаўнікі “Мінск-Арэны” адпачатку галоўнай прычынай непаразумення называлі тое, што квіткі TicketPro не будуць “чытацца” тэрміналамі на турнікетах праходу ў спорткомплекс. Гэтай жа пазіцыі прытрымліваюцца там і сёння. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік прэс-службы “Мінск-Арэны” Іван Карпенка.

Іван Карпенка:
“На “Мінск-Арэне” ўсталяваная свая комплексная сістэма ўпраўлення, якая была несумяшчальная з тымі варыянтамі, што прапаноўваліся з боку арганізатара. Сістэма дарагая, сістэма дзяржаўная, і гэта сістэма “Мінск-Арэны”. У той час, калі прапаноўвалася нейкая іншая”.

Прадстаўнік “Мінск-Арэны” сцвярджае, што сітуацыя з квіткамі набліжаецца да свайго вырашэння. Бакі спадзяюцца прыйсці да агульнага пагаднення. І прадаваць квіткі праз свае касы “Мінск-Арэна”, магчыма, пачне на наступным тыдні. Праўда, чые гэта будуць квіткі, Іван Карпенка пакуль сказаць не змог.

Іван Карпенка: “Гэтага я вам сказаць зараз не магу. Магчыма, гэта будуць тыя ж квіткі TicketPro, і ўсё з імі будзе нармальна”.

Вось толькі якім чынам квіткі, якія да гэтага не “чыталіся” тэрміналамі турнікетаў спорткомплекса, раптам стануць “чытацца”, не патлумачыў. Але ўпэўніў, што выпадкаў, калі набытыя праз розныя сістэмы распаўсюду квіткі супадуць нумарамі месцаў, не будзе.

Іван Карпенка: “Матч пройдзе на вышэйшым узроўні і ўсе бакі дамовяцца. Дыялог распачаты, і нашая галоўная задача — не згубіць імідж і ўсё зрабіць на карысць балельшчыкаў і тых, хто прыйдзе на матч. Спажывец у любым выпадку не пацерпіць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, аб непаразуменнях з арганізацыяй матча зорак
Кантынентальнай хакейнай лігі добра ведаюць у яе маскоўскім офісе. Прадстаўнік КХЛ распавёў Еўрарадыё, што вераць у тое, што сітуацыя вырашыцца да агульнай згоды. Таму там нават не разглядалі пытанне аб накладанні штрафных санкцый, калі раптам матч не адбудзецца ў запланаваны тэрмін.

Прадстаўнік КХЛ: “Такі варыянт увогуле не разглядаўся. Бо матч мае падтрымку на вышэйшым узроўні з боку беларускага кіраўніцтва, з боку кіраўніцтва краіны і з боку Кантынентальнай лігі. Усё зацверджана і ніякіх зрушэнняў у тым кірунку, пра які вы сказалі, нават не разглядаецца ў тэорыі”.

У Маскве ўпэўненыя, што прычыны непаразумення з арганізацыяй матча зорак КХЛ у тым, што спорткомплекс “Мінск-Арэна” — установа новая, і там яшчэ не адпрацаваныя ўсе моманты правядзення вялікіх мерапрыемстваў. Не больш за тое. Ніякіх, кажа прадстаўнік КХЛ, камерцыйных альбо палітычных рознагалоссяў няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі