Больш за 100 тысяч рублёў за чыстую галаву

Гарачую ваду для прафілактыкі адключаць нават у радзільнях. Намесніца галоўнага ўрача Мінскай абласной радзільні Тамара Аляксандрава кажа, што даводзіцца цяжка, ваду грэюць, але ж гэта не галоўнае... “Галоўнае, каб проста была вада. Вада ёсць. А гарачую ваду грэем. У кожным аддзяленні ў нас ёсць электранагравальныя прыборы, тытаны называюцца”.

Планавае адключэнне гарачай вады – звычайная практыка для краінаў, дзе захавалася цэнтралізаваная пабудова цепласетак. Гэта значыць, калі адключыць адно звяно, без цяпла застануцца і іншыя ўчасткі.

Такая сістэма дагэтуль дзейнічае і ў Літве, Украіне, Расіі. Хаця вось у Польшчы, нават нягледзячы на цэнтральнае атапленне, ваду могуць адключыць не больш чым на 2 гадзіны ў год. Нашыя 2 тыдні супраць гэтай лічбы – тэрмін значны.

Звычайна пра адключэнне вады жыхары даведваюцца за дзень-два да гэтага. Хаця, па словах кіраўніка дыспетчарскай службы Мінскіх камунальных цепласетак Іны Граковіч, інфармаваць пра прафілактыку ЖЭС мусіць нашмат раней:

“За 11 дзён павінны быць праінфармаваныя спажыўцы. Рамонтная кампанія не павінна цягнуцца больш за 14 сутак. У нас нідзе тэрмін гэты не парушаўся. Нават загадзя ваду ўключалі”.

Аднак нават пасля такой прафілактыкі, якая звычайна доўжыцца з мая па жнівень, у сістэме ЖКГ краіны знаходзяцца пашкоджанні, якія выклікаюць адключэнне гарачай вады. Толькі за паўгода было зафіксавана 283 пашкоджанні. Амаль па два на дзень. Агулам ледзь не год на рамонты. Што гэта – вынік спешкі цепласетак ці чагосьці іншага? Сваю думку на гэты конт выказвае Іна Граковіч:

“Па-першае, трубы ёсць трубы. У іх ёсць тэрмін эксплуатацыі. Разумееце? Тыя пашкоджанні, што людзі знаходзяць, яны думаюць, што гэта мы зрабілі падчас рамонту. Дык падчас рамонту гэтых пашкоджанняў не было! У час выпрабаванняў маглі ўзнікнуць гэтыя пашкоджанні”.

Пра памяншэнне тэрміну прафілактыкі Іна Граковіч не думае. Яна лічыць, што гэта і так мінімальныя тэрміны. Хаця, да прыкладу, у Латвіі ваду адключаюць не больш чым на 3 дні. Там адна кацельня працуе на некалькі дамоў.

У нас такое зрабіць немагчыма, лічыць галоўны інжынер Мінскіх камунальных цепласетак Раман Палунчанка. Каб пабудаваць кацельню на дом у 60 кватэраў, да прыкладу, з кожнай сям’і трэба будзе сабраць па тысячы еўра. Дый на абслугоўванне будуць ісці грошы.

Еўрапейскае радыё запытала ў слесара Дзяніса Жаўрыда, як уплывае адключэнне гарачай вады на сантэхніку:

“Трэба будзе чысціць змяшальнікі. Таму што звычайна пасля такіх працаў пачынае цячы брудная вада. Можа ржавая вада пацячы. Каб вам там не прабіла нічога, каб пракладкі ў змяшальніку не пацяклі”.

Ну, і ўрэшце, не такая гэта і вялікая плата за 2 тыдні адключанай вады. У кожным разе можна схадзіць у цырульню. Еўрарадыё спытала, ці могуць проста памыць і высушыць галаву ў салоне “Стыль”:

“Вядома, памыем. Гэта каля 6-8 тысяч будзе каштаваць. Але ў нас такой паслугі асобна няма. Я вам проста зачытала асобныя ўчасткі працы”.

І гэта на кароткія валасы. Цяпер можна палічыць, калі падчас планавага адключэння гарачай вады кожны дзень мыць галаву ў цырульні, то гэта абыйдзецца ў больш за 100 тысяч рублёў. Куды б яшчэ зубы пачысціць схадзіць...

Фото - http://news.made.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі