Вы тут

Біятланістка Дар’я Блашко: Не стану выступаць за Беларусь ні на якіх умовах

Фота: Беларуская федэрацыя біятлону

Маладая біятланістка Дар’я Блашко, якая нядаўна атрымала ўкраінскае грамадзянства, заяўляе, што не будзе выступаць за зборную Беларусі ні на якіх умовах. Сярод прычынаў ад’езду ва Украіну яна назвала фінансавыя цяжкасці: Беларуская федэрацыя біятлону не выдзяляла сродкі на закупку інвентару і да таго ж часам даводзілася ездзіць на зборы за свой кошт.

Таксама Блашко распавяла ў інтэрв’ю TUT.by, што пасля паспяховага юніёрскага чэмпіянату свету, дзе яны атрымала два залатыя медалі, яе трэнера Уладзіміра Махлаева не сталі ўключаць у трэнерскі склад зборнай Беларусі. Цяпер ён перайшоў у зборную Украіны і спартсменка працягне трэніравацца ў яго.

Апроч таго, Дар’я Блашко заяўляе, што ў Беларусі ў ёй не бачылі перспектывы і лічылі, што яна не зможа палепшыць паказнікі хуткасці. Далучацца да нацыянальнай зборнай спартсменка не захацела, бо палічыла, што малады арганізм павінен атрымліваць адэкватныя планамерныя нагрузкі, а не методыкі, якія ўвесь час мяняюцца.

Цяпер вырашаецца пытанне з двухгадовым карантынам для Дар’і Блашко. Калі яна ўсё ж не атрымае допуск да ўдзелу ў міжнародным стартах, то будзе пакуль удзельнічаць ва ўнутраным чэмпіянаце Украіны і ў адкрытых чэмпіянатах іншых краін.

Блашко заяўляе, што з’ехала выступаць за Украіну, а не шантажаваць Беларускую федэрацыю біятлона, таму магчымасць вяртання не разглядае.