Вы тут

БХД асудзіла "канапляную каляду": Імя Хрыста замянілі на наркату

Фота з акаўнта кампаніі "Легалайз Беларусь" у Фэйсбуку

Аргкамітэт партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя выступіў з асуджэннем акцыі "канапляная каляда", якую правялі актывісты кампаніі "Легалайз Беларусь".

"Канапляная каляда" прайшла на вуліцах Мінска 25 снежня. Актывісты кампаніі ўзнялі замест каляднай звязды выяву канопляў. Яны спявалі пераробленыя калядкі і заклікалі да легалізацыі марыхуаны. Пазней удзельнікі калядавання атрымалі вялікія штрафы за несанкцыянаваную вулічную акцыю.

"Мы абураныя акцыяй, каторую праводзіла кампанія “Легалайз” арганізацыі "Дзея" падчас Хрыстовага Раства, 25 снежня 2017 года. Гэтая акцыя і кампанія "легалайза", што праводзіцца “Дзеяй”, — за легалізацыю / дэкрыміналізацыю наркотыкаў, дагэтуль рэкламуюцца на афіцыйных старонках "Дзеі". Падчас "калядавання" сябры "Дзеі" хадзілі па гораду Мінску і спявалі беларускія калядныя песні, дзе Імя Хрыста было замененае на слова "ганджубас" (што значыць "нарката")", — гаворыцца ў заяве БХД.

У заяве гаворыцца, што актывісты "Дзеі" на адных пікетах выступаюць з лагатыпам "100 гадоў БНР" і бел-чырвона-белым сцягам, а на іншых — з патрабаваннем легалізацыі наркотыкаў. "Тэму ўжо падхапіла БТ. Недарэчная і правакацыйная кампанія “легалайзу” дыскрэдытуе і ставіць пад удар кампаніі, што праводзяцца дэмакратычнымі сіламі краіны, у тым ліку святкавання 100-годдзя БНР", — падкрэсліваюць у БХД.

"Як дэмакратычная арганізацыя мы не можам забараніць каму-небудзь выступаць нават з такім абразлівымі для ўсіх хрысціянаў акцыямі, як "канапляная каляда", дзе падчас святкавання Каляд у рэлігійных песнях беларускага народа імя “Хрыстос” замяняецца на "ганджубас" (наркотыкі)", — заяўляюць у БХД. Аднак хрысціянскія дэмакраты лічаць такія дзеянні абразай і прыніжэннем хрысціянскай веры, што на іх думку недапушчальна і амаральна. 

БХД асуджае як ганьбаванне беларускіх хрысціянскіх песень, так і кампанію за легалізацыю наркотыкаў: "Мы заклікаем арганізацыю “Дзея” і яе сябраў спыніць ганьбаванне  хрысціянскай культурнай спадчыны беларускага народа праз СМІ і сацыяльныя сеткі".